Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 18 Жнівень 2026 09:54

Стартаваў прыём заявак на конкурс «Лепшы малады вучоны 2026»

IMG 5267Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь аб'явіла аб пачатку Рэспубліканскага конкурсу «Лепшы малады вучоны 2026 года» сярод устаноў вышэйшай адукацыі. Удзельнікамі могуць стаць прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу, навуковыя работнікі, дактаранты і аспіранты ўстаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія выконваюць навуковыя даследаванні і распрацоўкі па прыярытэтных напрамках і дасягнулі высокіх вынікаў у навуковай дзейнасці. Тэрміны правядзення конкурсу – з 15 жніўня па 15 лістапада.

Конкурс праводзіцца з мэтай стымулявання навуковай, навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці маладых вучоных, а таксама стварэння ўмоў для рэалізацыі іх навуковага і творчага патэнцыялу.

Прыняць удзел можна ў адной з трох катэгорый: малады вучоны года – доктар навук; малады вучоны года – кандыдат навук; малады вучоны года – без вучонай ступені. На момант аб'яўлення конкурсу ўзрост удзельнікаў павінен складаць: да 40 гадоў для дактароў навук, да 35 гадоў – для кандыдатаў навук і да 30 гадоў – для асоб без вучонай ступені.

Пераможцы будуць вызначацца ў шасці намінацыях: гуманітарныя навукі (гістарычныя, філасофскія, філалагічныя навукі, мастацтвазнаўства і культуралогія); сацыяльна-эканамічныя і грамадскія навукі (эканамічныя, юрыдычныя, педагагічныя, псіхалагічныя, сацыялагічныя і палітычныя навукі); прыродазнаўчыя навукі (біялагічныя, фізіка-матэматычныя, хімічныя навукі і навукі аб Зямлі); медыцынскія навукі; тэхнічныя, ваенныя навукі і архітэктура; ветэрынарныя і сельскагаспадарчыя навукі.

Каб прыняць удзел у адборачным этапе, неабходна да 24 жніўня ўключна прадставіць у навукова-даследчую частку Купалаўскага ўніверсітэта (вул. Ажэшкі, 22, каб. 402, тэл.: 73-19-68) пакет дакументаў. Сярод іх: анкета ўдзельніка; справаздача аб навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці аб'ёмам не больш за тры старонкі фармату А4; копіі грамат, дыпломаў, сертыфікатаў, узнагарод і іншых дакументаў, якія пацвярджаюць заахвочванні і заслугі; спіс навуковых прац за 2025 год; колькасныя паказчыкі рэзультатаў навуковай і інавацыйнай дзейнасці за 2025 год.

Падрабязную інфармацыю аб конкурсе, а таксама правілы афармлення дакументацыі можна знайсці па спасылцы.

Запрашаем маладых навукоўцаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы заявіць пра сябе!