Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 06 Ліпень 2026 15:04

У ГрДУ імя Янкі Купалы стартавалі ўступныя іспыты

IMG 9975Сёння, 6 ліпеня, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пачаліся ўступныя іспыты для абітурыентаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Згодна з зацверджаным раскладам, яны будуць праводзіцца да 10 ліпеня.

Усяго да ўдзелу ў іспытах было дапушчана 318 абітурыентаў. 7 чалавек скарысталіся правам паступаць без уступных іспытаў, бо былі ўзнагароджаны залатым (сярэбраным) медалём або маюць дыплом з адзнакай, а таксама атрымалі рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую заканчваюць. 11 абітурыентаў паступаюць без уступных іспытаў як пераможцы Шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды.

Перад пачаткам іспытаў адбылося пасяджэнне прыёмнай камісіі. Удзельнікі абмеркавалі допуск абітурыентаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі і для атрымання паглыбленай вышэйшай адукацыі, а таксама падрабязна азнаёміліся з рэгламентам работы. Акрамя таго, камісія разгледзела пытанні допуску да ўдзелу ў конкурсе і рэкамендацыі да залічэння замежных грамадзян. Размова ідзе аб тых, хто паступае на платную вочную (дзённую) форму паглыбленай вышэйшай адукацыі па выніках гутаркі па англійскай мове і профільнай гутаркі па вучэбных прадметах.

У першы дзень свае веды правяралі абітурыенты, якія паступалі на спецыяльнасці «Архітэктура» (першы этап), «Журналістыка» (першы этап), «Адукацыя ў галіне фізічнай культуры», «Беларуская філалогія», «Руская філалогія», «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя», «Рамана-германская філалогія», «Гісторыя», «Матэматыка», «Правазнаўства» і «Фізіка».

Нагадаем, што 30 чэрвеня ў Купалаўскім універсітэце таксама прайшлі сумоўі для выпускнікоў профільных класаў педагагічнай і інжынернай накіраванасці. Іх паспяхова прайшлі 24 абітурыенты. А 2 ліпеня адбылося залічэнне пераможцаў Шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды.