Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 05 Май 2026 14:25

Студэнты і супрацоўнікі Купалаўскага ўніверсітэта прынялі ўдзел у маладзёжнай грамадзянска-патрыятычнай акцыі «З лампадай вечнага агню…»

IMG 9002Напярэдадні 9 Мая студэнты і выкладчыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы, навучэнцы патрыятычнага класа сярэдняй школы № 28 імя У. Д. Сакалоўскага і супрацоўнікі пракуратуры Гродзенскай вобласці сталі ўдзельнікамі маладзёжнай грамадзянска-патрыятычнай акцыі па месцах баявой славы Гродзен.

Мерапрыемства пачалося з урачыстага мітынгу ля мемарыяльнага ансамбля савецкім воінам-пагранічнікам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да ўдзельнікаў акцыі звярнуўся намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Павел Сілюк.

- Сімвалічна, што напярэдадні 9 Мая мы збіраемся менавіта тут. Пагранічнікі першымі прынялі бой і ўсталі на абарону нашай краіны, - адзначыў Павел Іванавіч. - Я хачу, каб сёння мы ўшанавалі памяць тых, дзякуючы каму мы жывем пад мірным небам.

Гістарычны кантэкст падзей раскрыў загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргей Амелька, нагадаўшы аб свеце, які трагічна перакрэсліў 1941 год.

- На заходняй мяжы нішто не прадвяшчала вайны, але ў адно імгненне мірнае неба разарвалася ад снарадаў і жаху, які абрынуўся на жыхароў прыгранічча, - дадаў Сяргей Уладзіміравіч.

Адным з самых эмацыйных момантаў мітынгу стала Хвіліна маўчання. Удзельнікі акцыі схілілі галовы, аддаючы даніну павагі мільёнам загінуўшых за свабоду Радзімы. Да падножжа манумента былі ўскладзены жывыя кветкі і запалены лампады, якія сталі сімвалам пераемнасці пакаленняў і нязгаснай памяці, якую моладзь абяцае берагчы.

«Таксама ўдзельнікі акцыі прайшлі па лініі абароны 68-га Гарадзенскага ўмацаванага раёна – часткі знакамітай «лініі Молатава» – наведалі шлюз «Дамброўка» на Аўгустоўскім канале. У чэрвені 1941 года гэтыя месцы сталі сімваламі стойкасці».

Наведванне гэтых мясцін дазволіла моладзі дакрануцца да жывой гісторыі і ўсвядоміць маштаб подзвігу абаронцаў Радзімы.