Трэці дзень прыёмнай кампаніі ў Купалаўскім універсітэце адзначаны знакавай падзеяй – прыёмная камісія зарэгістравала паўтаратысячнага абітурыента. Ім стала гродзенка Дар'я Чураўская, выпускніца Ліцэя №1 імя Ю.М. Астроўскага. Дзяўчына падала дакументы на факультэт эканомікі і кіравання, выбраўшы спецыяльнасць «Эканоміка і кіраванне».
Свой выбар Дар'я патлумачыла проста і шчыра: «Я выбрала спецыяльнасць «Эканоміка і кіраванне», бо я здавала матэматыку і англійскую мову. Мне падабаецца матэматыка сама па сабе, таму з усіх варыянтаў гэты напрамак мне бліжэй за ўсё».
На пытанне, чаму яна спынілася менавіта на ГрДУ імя Янкі Купалы, Дар'я адказала: «Ён лічыцца самым прэстыжным і найлепшым. Да таго ж хочацца быць бліжэй да дома, таму і выбрала Купалаўскі ўніверсітэт».
Яшчэ адна натхняльная гісторыя – у Мацвея Карнялюка, выпускніка сярэдняй школы № 7 імя А.І. Барычэўскага з Ваўкавыска. Для яго паступленне ў Купалаўскі ўніверсітэт стала заканамерным вынікам трохгадовага знаёмства з ВНУ:
«Я ўжо 3-ці год браў удзел у летняй шматпрофільнай школе «Купалаўскі старт». За гэты час Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы стаў настолькі родным, што пасля завяршэння адзінаццатага класа я без сумневаў ведаў: іду менавіта сюды.Фізіка-тэхнічны факультэт абраў таму, што падчас экскурсіі ў летняй школе мы наведалі яго лабараторыі, і я зразумеў: вось яно, маё пакліканне – інжынер-энергетык».
ГроГродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы нагадвае, што ў абітурыентаў яшчэ ёсць час, каб падаць дакументы і стаць часткай адной з вядучых рэгіянальных ВНУ краіны. Азнаёміцца з дэталёвай інфармацыяй аб ходзе прыёмнай кампаніі, пераліку спецыяльнасцей, тэрміны падачы дакументаў і расклад уступных іспытаў можна на сайце, у пункце работы прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы па адрасе: вул. Леніна, 32, а таксама па тэлефонах гарачай лініі: +375 (152) 67-01-01 (шматканальны), МТС: +375 (33) 35 44 500, Life: +375 (25) 77 44 500.
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прыёмная кампанія працягваецца. Толькі за мінулыя суткі дакументы падалі 1379 абітурыентаў: на дзённую форму навучання – 1003 чалавекі, на завочную – 40, на скарочаную завочную – 336. Прыёмная камісія працуе ў штатным рэжыме і дапамагае будучым студэнтам аформіць усе неабходныя дакументы.









