Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 05 Красавік 2024 14:11

Важнасць інжынернай адукацыі: у Купалаўскім універсітэце вядзецца актыўная работа з інжынернымі класамі

ukfdysqДля рознабаковага знаёмства з інжынернымі прафесіямі супрацоўнікамі і студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы былі арганізаваны практыка-арыентаваныя адукацыйныя мерапрыемствы для вучняў інжынерных класаў горада Гродна.

У аўторак, 2 красавіка, на фізіка-тэхнічным факультэце прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй для школьнікаў інжынерных класаў горада Гродна і Шчучына.

У рамках прафарыентацыйнай работы факультэт наведалі выкладчыкі курсаў інжынернай накіраванасці, навучэнцы ДУА «Гімназія № 7 імя У.Ц.Калакольнікава г. Гродна» і УА «Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж ім. І.Шчаснага», якія прыйшлі на мерапрыемства з бацькамі.

З уступным словам да прысутных звярнуўся дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта Генадзь Гачко. Спікер расказаў пра гісторыю факультэта і напрамкі падрыхтоўкі студэнтаў, а таксама адзначыў, што многія навучэнцы інжынерных класаў з'яўляюцца ўдзельнікамі канструктарскага бюро нашага універсітэта.

Рабят азнаёмілі са спецыяльнасцямі факультэта і спецыфікай інжынернай адукацыі, распавялі аб навуковай дзейнасці кафедраў і аб магчымасці навучання ў магістратуры і аспірантуры. Навучэнцы пабывалі на майстар-класе па робататэхніцы і фізічных асновах вымярэнняў, наведалі навучальныя лабараторыі кафедр.

У сераду, 3 красавіка, актыўная праца з навучэнцамі інжынерных класаў працягнулася на інжынерным факультэце. Супрацоўнікамі факультэта была арганізавана экскурсія ў РУП «УНПЦ «Тэхналаб» для навучэнцаў ДУА «Гімназія №7 імя У.Ц. Калакольнікава г. Гродна», дзе дырэктар Тэхнапарка Аляксандр Васілевіч расказаў аб стварэнні прадпрыемства, яго магчымасцях, дзеючых рэзідэнтах, партнёрах, паспяховых праектах і інавацыйных распрацоўках.

Пасля плённай гутаркі ўдзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з вытворчасцю рэзідэнтаў і іх навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі.

Цеснае ўзаемадзеянне ўніверсітэта з інжынернымі класамі дазваляе абітурыентам развіць крытычнае мысленне і на практыцы апрабаваць будучую прафесію. Адзначым, што інжынернае адукацыю забяспечвае студэнтам шырокі спектр ведаў і навыкаў, якія могуць быць ужытыя ў многіх галінах жыцця.