Распачаў утульную сустрэчу дырэктар навуковай бібліятэкі, ідэйны натхняльнік маштабнага праекта Мікалай Грынько:
– Стала добрай традыцыяй, што Летняя школа беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы» штогод у пачатку жніўня вітае сваіх сяброў у сценах Купалаўскага ўніверсітэта – універсітэта, які знаходзіцца ў самым маляўнічым і казачным горадзе Беларусі. Мы шчыра вітаем вас! Вельмі рады бачыць тых, каго сустракалі ў мінулым і пазамінулым гадах, каго бачым ужо трэці ці нават чацвёрты раз. І, безумоўна, надта рады нашым новым гасцям. Спадзяюся, што вы ў нас упершыню, але далёка не апошні раз!
З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей звярнулася прарэктар па навуковай працы Наталля Башун:
– Дарагія ўдзельнікі Летняй школы і госці нашай краіны! Ад імя рэктара ўніверсітэта Ірыны Кітурка і ўсёй нашай універсітэцкай супольнасці шчыра вітаем вас у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Сёння для нас сапраўднае свята. Школа стала прыгожай традыцыяй і адчыняе свае дзверы ўжо ў шосты раз. Наперадзе вас чакаюць 50 акадэмічных гадзін – і гэта не проста аўдыторныя заняткі, а глыбокае знаёмства з самабытнасцю і непаўторнасцю беларускай мовы. У нас з вамі 12 дзён супольнай працы. Веру, што яны стануць для кожнага крыніцай натхнення, ноўных крэатыўных ідэй і пакінуць самыя цёплыя ўспаміны.
Пасля такога натхняльнага пачатку музычны падарунак прысутным прэзентавала Ангеліна Янкелайць.
Як адзначыў Мікалай Грынько, Летняя школа беларускай мовы і культуры не ўзнікла на «пустым месцы». Яна з’яўляецца фінальным акордам маштабнага гадавога праекта навуковай бібліятэкі – конкурсу «Пазнай Беларусь з намі!». Калісьці ён пачынаўся як ініцыятыва толькі для студэнтаў Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, але з часам геаграфія пашырылася, і сёння ў ім актыўна ўдзельнічаюць таксама студэнты Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Падчас урачыстага і па-хатняму цёплага адкрыцця Наталля Башун уручыла дыпломы пераможцам гэтага конкурсу.
Далей слова ўзяла старшы выкладчык кафедры славянскай філалогіі Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дар’я Гальцова:
– Я вельмі рада, што ўжо чацвёрты раз прысутнічаю на адкрыцці Летняй школы. Пачатак жніўня для нас – гэта заўсёды ўтульныя гродзенскія вулачкі, беларуская гасціннасць, цудоўная мова і, вядома ж, людзі – супрацоўнікі бібліятэкі, якія ствараюць для нас гэтую казку. Наша варонежская дэлегацыя ўвесь час расце: у першы год нас было два чалавекі, у другі – адразу сем, на трэці – дзевяць, а сёлета прыехала дзесяць удзельнікаў! Колькасць гаворыць сама за сябе. Нас штораз шчыра знаёмяць з Гродна, а сёлета і мы вырашылі пазнаёміць вас з нашым родным горадам: падрыхтавалі відэаролік, а таксама прывезлі ў падарунак кнігу пра Варонеж і смачныя варонежскія цукеркі да гасціннага стала
Аднак здзівіць падарункамі змагла не толькі варонежская дэлегацыя! За актыўнае навуковае, адукацыйнае і культурнае супрацоўніцтва, а таксама за папулярызацыю беларускай мовы, літаратуры і культуры Дар’і Гальцовай была абвешчана падзяка ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Госці нездарма пажартавалі: з такой шчырай пяшчотай да беларускага слова з боку варонежскіх студэнтаў не дзіўна, калі хутка іх намаганнямі ўвесь Варонеж загаворыць па-беларуску!
Наперадзе ўдзельнікаў чакаюць насычаныя дні, поўныя цікавых заняткаў, займальных майстар-класаў і незабыўных падарожжаў. Жадаем ім поспехаў і натхнення! А мы працягнем сачыць за буднямі Летняй школы беларускай мовы і культуры і расказваць вам пра дасягненні яе навучэнцаў!
У Купалаўскім універсітэце ўжо ў шосты раз стартавала Летняя школа беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы». Атмасфера ўрачыстага адкрыцця нагадвала душэўную сустрэчу добрых сяброў: тут шчыра ўсміхаліся тым, хто прыязджае ў Гародню ўжо не першы год, і з адкрытым сэрцам віталі новых аматараў беларускага слова. Наперадзе ў удзельнікаў 12 незабыўных дзён, напоўненых адкрыццямі, моўнай практыкай і цёплымі чалавечымі зносінамі.











