Курсы па павышэнні кваліфікацыі «Тэхналогіі павышэння якасці выкладання і навучання ва ўніверсітэтах» для выкладчыкаў з Узбекістана пройдуць з 23 кастрычніка па 23 лістапада.
У Купалаўскі ўніверсітэт у рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж універсітэтамі дзвюх краін – Беларусі і Узбекістана – прыбыла дэлегацыя з 12 чалавек Кокандскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Мукімі для навучання на курсах павышэння кваліфікацыі «Тэхналогіі павышэння якасці выкладання і навучання ва ўніверсітэтах».
Сярод удзельнікаў навучальнага мерапрыемства – дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, загадчыкі кафедры англійскай мовы і кафедры інфарматыкі; дацэнты кафедры методыкі пачатковай адукацыі, кафедры хіміі, кафедры нацыянальнай ідэі, асноў духоўнасці і асноў юрыдычнай адукацыі, кафедры тэхналагічнай адукацыі, метадалогіі фізічнай культуры; асістэнт кафедры інфарматыкі Кокандскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Мукімі.
Урачыстае адкрыццё курсаў адбылося 24 кастрычніка з удзелам рэктара Купалаўскага ўніверсітэта Ірыны Кітурка.
У сваёй прывітальнай прамове рэктар адзначыла цёплыя сяброўскія ўзаемаадносіны паміж універсітэтамі Беларусі і Узбекістана, што стала магчымым дзякуючы пагадненню кіраўнікоў дзвюх дзяржаў:
– Паміж універсітэтамі нашых краін падпісаны і актыўна дзейнічаюць дагаворы аб супрацоўніцтве, у рамках чаго адкрылася новая старонка ўзаемадзеяння: магчымасць распрацоўкі сумесных навуковых тэм, абмен выкладчыкамі і студэнтамі, рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм, навучальныя курсы для выкладчыкаў.
Ірына Фёдараўна падзякавала рэктару Какандзкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Мукімі за дасягнутыя вынікі ў галіне двухбаковага ўзаемадзеяння і выказала надзею на далейшае пашырэнне і ўмацаванне сувязей.
Прадстаўляючы Купалаўскі ўніверсітэт гасцям з Узбекістана, рэктар расказала аб гістарычных вехах развіцця, асноўных дасягненнях універсітэта, аб яго патэнцыяле і магчымасцях, місіі і асноўных напрамках развіцця.
– Універсітэт – гэта тэрыторыя для развіцця інавацый, – падкрэсліла Ірына Фёдараўна, звяртаючыся да ўдзельнікаў курсаў. – І, безумоўна, драйверам эканамічнага развіцця любога грамадства з'яўляецца сістэма адукацыі. На нашых плячах ляжыць вялікая адказнасць за будучыню нашых краін.
З праграмай курсаў павышэння кваліфікацыі ўдзельнікаў пазнаёміла начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Марына Калоцэй.
Праграмай курсаў прадугледжана навучанне ў рамках чатырох модуляў: культура якасці, інавацыйныя метады і тэхналогіі навучання, псіхалагічныя аспекты ўзаемадзеяння выкладчыка і студэнта, праектаванне адукацыйных праграм. Удзельнікаў курсаў чакаюць майстар-класы і трэнінгі, праекты і дыскусіі, сустрэчы са спецыялістамі на факультэтах, а таксама экскурсіі па горадзе і экскурсійныя праграмы выходнага дня.