На маладзёжным Кубку Еўропы па кікбоксінгу студэнт факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Уладзіслаў Ядзешка апынуўся мацнейшым у вагавой катэгорыі 60 кг.
- Улад выйграў тры баі на папярэдняй стадыі, а ў фінале супернік чамусьці зняўся. Таму перамога аўтаматычна дасталася нашаму байцу, - распавёў трэнер спартсмена Дзмітрый Варэц.
У 2014 г. Уладзіслаў ужо станавіўся чэмпіёнам Еўропы сярод юніёраў па кікбоксінгу. Тады ён перамог ва ўсіх паядынках, прычым адзін з іх завяршыўся датэрмінова.
Праз месяц купалавец плануе выступіць на дарослым чэмпіянаце Еўропы па тайскім боксе.
Па матэрыялах газеты «Гродзенская праўда»