12 лютага ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў межах дамовы аб супрацоўніцтве з Расійскім эканамічным універсітэтам імя Г.В. Пляханава адбыліся дыстанцыйныя заняткі студэнтаў з прафесарам кафедры замежных моў Кірылам Шышыгіным.
Слухачамі лекцый сталі студэнты спецыяльнасцей «Сучасныя замежныя мовы» і «Рамана-германская філалогія».
У дзвюх лекцыях запрошаны прафесар закрануў адну з актуальных праблем сучаснага мовазнаўства «Гібрыдызацыя моў». У ходзе выступлення ён падрабязна спыніўся на працэсах моўнага ўзаемадзеяння, трансфармацыі сталых моўных нормаў, а таксама ўплыве глабалізацыйных працэсаў на фарміраванне гібрыдных моўных мадэляў.
Сваімі ўражаннямі ад лекцыі падзяліўся Максім Галышак, студэнт 4 курса спецыяльнасці «Сучасныя замежныя мовы»:
– Лекцыі былі вельмі цікавымі. Мне асабліва спадабалася, што ўсё тлумачылася на прыкладах. Выкладчык часта звязваў тое, пра што распавядаў, з беларускімі творамі і гісторыяй Беларусі. Гэта дапамагло лягчэй зразумець тэму.
Праграма «Запрошаны прафесар», якая актыўна выкарыстоўваецца Купалаўскім універсітэтам, накіравана на павышэнне якасці адукацыі і пашырэнне кругагляду студэнтаў. Акрамя таго, такія мерапрыемствы дазваляюць пашыраць узаемадзеянне ўніверсітэтаў і ўмацоўваць сяброўскія адносіны паміж імі.