Версия для печати
Четверг, 11 января 2018 17:51

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч сустрэўся са студэнтамі і калектывам купалаўскага ўніверсітэта (ДАПОЎНЕНА)

AMG 2698 copyАляксандр Карлюкевіч наведаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў рамках Адзінага дня інфармавання і ў фармаце адкрытага дыялогу пагутарыў са студэнтамі купалаўскага ўніверсітэта – будучымі працаўнікамі СМІ і калектывам установы.

У сустрэчы прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч і рэктар купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка.

Аляксандр Мікалаевіч прапанаваў не абмяжоўвацца абранай тэмай, а пабудаваць дыялог у пашыраным фармаце. Міністр падкрэсліў, што сёння рэдакцыя кожнага СМІ павінна быць медыйным, камунікатыўным цэнтрам і скарыстаць самыя розныя фарматы адносін з чытачом – не толькі на паперы, але і, перш за ўсё, у сацыяльных сетках.

Адказваючы на пытанне пра падрыхтоўку журналістаў у рэгіёнах, Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што ў Гродзенскім універсітэце ёсць добрая база для таго, каб вучыцца і стаць прафесіяналам. Гэтаму ў будучыні могуць спрыяць і новыя формы навучання спецыялістаў.

– Калі гаварыць пра медыйную сферу, якая чакае падрыхтаванага і адукаванага журналіста, то хацеў бы звярнуць увагу на тое, што ў навучанні павінна быць больш практычных семінараў. Галоўнае – навучыць студэнтаў тэхналогіям. Гэта павінны рабіць выкладчыкі, практыкуючыя журналісты, якія маюць вялікі досвед. А веды, якія журналіст хоча атрымаць, каб быць прафесіяналам, ён павінен шукаць самастойна, – дадаў міністр.

Таксама будучых журналістаў цікавілі пытанні «узбуйнення» СМІ і ўтварэння ў Беларусі медыяхолдынгаў, аптымальных суадносін «уласнага» і «набытага» кантэнту ў эфіры рэгіянальных тэлеканалаў, разбурэння структуры традыцыйных СМІ і «ўніверсальнасці» журналіста.

– Цяпер СМІ канвергентыя, мультымедыйныя. Адсюль дыктуецца сам фармат працы журналіста. Важна данесці інфармацыю да спажыўца, важна мець зваротную сувязь, ведаць, што ваш прадукт запатрабаваны. А што да разбурэння традыцыйнай структуры сродкаў масавай інфармацыі, калі ў газеты рэальны тыраж стане менш, а кантэнту на сайце больш, то ў гэтым няма нічога страшнага. Сваю галоўную функцыю вы выканаеце. І я б не назваў гэта разбурэннем традыцыйнай структуры, а пераўтварэннем газеты ў мультымедыйны цэнтр, – сказаў Аляксандр Мікалаевіч.

Прагучала пытанне і пра прадстаўленасць беларускіх СМІ ў сацыяльных сетках. Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў патрэбу сродкаў масавай інфармацыі ісці ў нагу з часам, скарыстаць для свайго прасоўвання і камунікацыі з аўдыторыяй новыя тэхналогіі. Да гэтага, на думку міністра інфармацыі, гатовы большасць рэдакцый і журналістаў, шмат з іх паспяхова арганізавалі сваю працу на буйных інтэрнэт-пляцоўках.

Задалі міністру пытанне і пра тое, як сучаснай газеце ўтрымаць чытача.

– Газета – гэта сродак зносін рэдакцыі з чытачом. Каб аўдыторыя ў газеты была сталай, трэба ствараць матэрыялы, цікавыя чытачу. У прыватнасці, аналітычныя, падымаць тэмы актуальныя, казаць пра сур'ёзныя з'явы, – адзначыў Аляксандр Карлюкевіч. – Газета павінна не інфармаваць, а расказваць, даваць ацэнку, прадстаўляць думку. Добрая ў гэтым сэнсе аўтарская калумністыка. Тады газета будзе цікавай.

Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Мікалаевіч падкрэсліў, што кожнаму, хто хоча быць сапраўдным журналістам, трэба валодаць усім журналісцкім інструментарыем.

Добры журналіст павінен не толькі добра казаць, але і добра думаць, – завяршыў міністр.