Мэта дыктоўкі – прыцягнуць увагу грамадскасці да святкавання Дня народнага адзінства, сфарміраваць усведамленне непарыўнай сувязі гісторыі і сучаснасці, значэння нацыянальнага адзінства на шляху да росквіту Радзімы.
Да напісання дыктоўкі далучылася рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Iрына Кітурка. Разам са студэнтамi яна прыняла ўдзел у маштабным мерапрыемстве.
– Дзякуючы гэтай гістарычнай даце і гэтаму святу, у нас ёсць разуменне таго, што адзінства – гэта самае важнае і галоўнае для народа. Адзінства павінна быць у краіне, сям'і, універсітэце, на факультэце і ў вучэбнай групе. Так мы падкрэслiваем пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі,– адзначыла рэктар.
Ганаровую місію дыктара на сябе ўзяў Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Расіі, уладальнік Нацыянальнай літаратурнай прэміі за лепшы твор для дзяцей і падлеткаў «Пашка і сонечны праменьчык», публіцыст, паэт, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі – Алена Анатольеўна Стэльмах.
Дзякуючы анлайн-трансляцыі магчымасць прыняць удзел у рэспубліканскім мерапрыемстве мелi ўсе жадаючыя.
Тэкст напісалі супрацоўнікі структурных падраздзяленняў, студэнты і выкладчыкі на ўсіх факультэтах, а таксама ў каледжах нашага ўніверсітэта. Праверыць сябе змог кожны!