Версия для печати
Среда, 31 января 2024 13:39

Купалаўцы прымаюць актыўны ўдзел у прафарыентацыйных мерапрыемствах

photo 5318909180817560982 xСтудэнты і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы праводзяць прафарыентэцыйныя мерапрыемствы ў рамках «Школы актыўнага грамадзяніна» і «Кірмашу прафесій» у горадзе Гродна і Гродзенскай вобласці.

Першая сур'ёзная жыццёвая праблема, з якой сутыкаюцца навучэнцы і выпускнікі сярэдніх агульнаадукацыйных навучальных устаноў – гэта выбар будучай прафесіі, праблема прафесійнага самавызначэння. Важным выступае тое, што навучэнец, не валодаючы неабходным вопытам, дастатковымі ведамі, павінен зрабіць правільны выбар, які адпавядае яго інтарэсам, здольнасцям і магчымасцям.

Сёння ўсе факультэты ГрДУ імя Янкі Купалы вядуць актыўную працу з навучэнцамі выпускных класаў агульнаадукацыйных школ, ліцэяў, каледжаў і знаходзяць новыя, больш эфектыўныя формы ўзаемадзеяння з абітурыентамі.

Так, 24 і 25 студзеня адбылася прафарыентацыйная сустрэча кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры беларускай філалогіі Руслана Казлоўскага з вучнямі 7-11 класаў у межах рэалізацыі інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа актыўнага грамадзяніна» у ДУА «Сярэдняя школа № 15 імя Д.М.Карбышава г.Гродна» і ДУА «Сярэдняя школа № 32 імя Т.Р.Ларыёнавай г.Гродна».

У межах тэматыкі «Школы актыўнага грамадзяніна» Руслан Канстанцінавіч распавёў аб значных дзеячах беларускай філалагічнай навукі, асаблівасцях навуковай і педагагічнай працы, вучобы на спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Купалаўскага ўніверсітэта, грамадскім жыцці філалагічнага факультэта. Прысутныя былі праінфармаваны пра ўступныя іспыты, магчымасці падрыхтоўкі, а таксама меркаваныя месцы працы выпускнікоў-філолагаў.

Дэвізам сустрэчы стала фраза: «Калі ты творчы, малады і энергічны, цябе чакае факультэт філалагічны!»

Кафедра гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін таксама прыняла удзел у прафарыентацыйных мерапрыемствах і прэзентавала дасягненні беларускай археалогіі ў Гожскай сярэдняй школе.

Прафесар кафедры Сяргей Піваварчык распавёў слухачам аб гісторыі і спецыяльнасцях факультэта, аб вопыце супрацоўніцтва з навучальнымі ўстановамі Гродзеншчыны, аб уступнай кампаніі гэтага года. Студэнт 4 курса спецыяльнасці «Гісторыя» Мікіта Каспер падзяліўся сваім досведам удзелу ў навуковых даследаваннях, аб дзейнасці студэнцкага навуковага таварыства «Археалагічны гурток», а студэнт 1 курса спецыяльнасці «Гісторыя» Іван Гладкоўскі прадэманстраваў вучням вынікі гістарычнай рэканструкцыі сярэднявечнай зброі і адзначыў, што студэнты маюць магчымасць удзелу ў навуковых экспедыцыях, канферэнцыях, школах і праектах. Асаблівую цікавасць выклікаў майстар-клас па практычнай археалогіі, які правёў старшы выкладчык Алесь Гаршкоў.

Вучні прынялі ўдзел у вырабе крамянёвых прыладаў працы, вывучалі структуру грунта з раскопак пад мікраскопам. Да ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства была арганізавана выстава «Археалагічная спадчына Панямоння». Госці з універсітэта адказалі на пытанні ўдзельнікаў і перадалі ў кабінет гісторыі школы навукова-метадычную літаратуру, з кіраўніцтвам і настаўнікамі Гожскай школы былі абмяркаваны перспектывы далейшага супрацоўніцтва.