Версия для печати
Пятница, 04 августа 2023 16:46

У ГрДУ імя Янкі Купалы распачала працу Летняя школа беларускай мовы і культуры

IMG 8438З 4 жніўня ў Купалаўскім універсітэце адчыніла дзверы Летняя школа беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы».

Удзельнікаў Летняй школы шчыра прывітаў адказны арганізатар – дырэктар Навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта Мікалай Грынько. Ён адзначыў, што сёлета Летняя школа праходзіць у трэці раз і сабрала найбольшую колькасць удзельнікаў − 12 чалавек.

Да ўдзельнікаў школы звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Ірына Фёдараўна пажадала слухачам плённай працы, каб па выніках заняткаў кожны, калі паедзе дадому, забраў з сабой часцінку беларускай культуры.

У гэтым годзе вывучаць беларускую мову будуць прадстаўнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава, Гейдэльбергскага ўніверсітэта, Інстытута рускай мовы і культуры, Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта і замежныя студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы.

Адзначым, што слухачы сталі удзельнікамі перадачы Навуковай бібліятэцы ў падарунак літаратуры ад Выдавецкага дома «Звязда» пры падтрымцы Пасольства Кітайскай народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі перадачы літаратуры кітаязнаўчай скіраванасці прыняў дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.

Удзельнікаў Летняй школы чакаюць вандроўкі па гістарычных мясцінах Гродна і Беларусі, экскурсіі ў музеі, а таксама майстар-класы. Акрамя таго, прадугледжана насычаная праграма выхаднога дня.

Летняя школа будзе дзейнічаць да 16 жніўня. Арганізатарамі праекта з’яўляюцца Навуковая бібліятэка і філалагічны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта.