Версия для печати
Пятница, 04 ноября 2022 15:43

Коласаўскі тыдзень праходзіць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы

КОЛАС 1Трэцяга лістапада беларуская грамадскасць адзначае 140-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай зямлі, аўтара неўміручых “Новай зямлі” і “Сымона-музыкі”.

У Купалаўскім універсітэце прайшоў цыкл мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею творцы. У перыяд з 26 кастрычніка па 1 снежня праходзіць арганізаваны навуковай бібліятэкай конкурс эсэ “Нас слова Купалы і Коласа кліча”, у межах грамадзянска-патрыятычнага праекта “Жывая гісторыя” прапануецца студэнтам, выкладчыкам і супрацоўнікам прыняць удзел у напісанні сачынення “Свая зямля – вось што аснова”.

У дзень нараджэння Якуба Коласа супрацоўнікі навуковай бібліятэкі правялі акцыю “Купала і Колас, вы нас гадавалі!”, падчас якой студэнты і выкладчыкі мелі магчымасць узнавіць свае веды па творчасці класікаў. Прапанаваныя інтэлектуальна-забаўляльныя пытанні і заданні стварылі святочны настрой. Усе ўдзельнікі, якія прадэманстравалі добрыя веды, атрымалі салодкія пачастункі і карпаратыўныя сувеніры.

У фае навуковай бібліятэкі працавала выстава “Колас зямлі беларускай”, дзе можна было азнаёміцца не толькі з выданнямі твораў класіка, у тым ліку і прыжыццёвым зборам твораў, але і з багатай спадчынай коласазнаўства.

А 4 лістапада ў навуковай бібліятэцы Купалаўскага ўніверсітэта адбылося адкрыццё выставы студэнцкіх работ да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы.

У кожнага народа ёсць паэты – прарокі, якія сілай свайго таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, мастацтва і культуры ў цэлым, але і акрэсліваюць нацыянальную ідэнтычнасць, даючы духоўныя арыенціры не аднаму пакаленню. Яны прыносяць славу і пашану свайму народу і з цягам часу становяцца яго сімваламі. Як сказаў Якуб Колас, “нельга ўявіць беларускі народ без такой велічнай постаці, як Янка Купала”. Асоба песняра, яго жыццё, лёс, творы заўсёды прыцягвалі ўвагу мастакоў.

... Вось і дадзеная выстава – вынік студэнцкага пленэра, які адбыўся ў вёсцы Вязынка, на малой радзіме Вялікага паэта.

На ўрачыстым адкрыцці з прыветным словам да ўдзельнікаў выставы і гасцей звярнулася Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яна выразіла падзяку студэнтам, якія падрыхтавалі такія высакакласныя працы. Вельмі цудоўна, што моладзь шануе вялікае мінулае свайго народа і ўвасабляе яго ў мастацтве. Таксама рэктар падзякавала калектыву бібліятэкі за арганізацыю такой прыгожай выставы.

На выставе прадстаўлены працы студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну: Анара Кругліка, Эміліі Кярвяк, Алы Наумчык, Анастасіі Бондар, Лізаветы Тамашэўскай, Юліі Літвін, Таццяны Аксаміт, Соф’і Пучко, Данііла Серабро, Ху Цзыньдзі.

Атрымаць асалоду ад знаёмства с цудоўнымі фотаздымкамі і мастацкімі эцюдамі можна да 1 снежня (вул. Ажэшкі, 22, аўд. 116).

Запрашаем усіх ахвотных!