Версия для печати
Четверг, 07 июля 2022 08:31

Дзень нараджэння Янкі Купалы адсвяткуюць у ГрДУ імя Янкі Купалы

image 2022 07 06 16 52 03  7 ліпеня спаўняецца роўна 140 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Янкі Купалы, імя якога носіць наш універсітэт. Да гэтага свята было прымеркавана шэраг універсітэтскіх мерапрыемстваў на працягу года, а сёння адбудзецца акцыя “Чытаем Купалу разам”, будзе працаваць адкрытая інтэрактыўная пляцоўка “Янку Купалу прысвячаецца”.

 

  На працягу 82-гадовага існавання Купалаўскага ўніверсітэта заўжды была ўвага да асобы класіка. Так, адразу ж пасля таго, як імя Янкі Купалы было прысвоена Гродзенскаму педагагічнаму інстытуту, распачынаюцца Купалаўскія чытанні – Рэспубліканская навуковая канферэнцыя, на якой з розных бакоў аналізуецца жыццёвы шлях і багатая творчая спадчына пісьменніка. Сталася ўжо добрай традыцыяй штогод у Міжнародны дзень роднай мовы і ў межах святкавання дня нараджэння ўніверсітэта правядзенне Купалаўскай дыктоўкі, калі разам і студэнт, і выкладчык выяўляюць сваё валоданне беларускай мовай.

  Пра тое, што наш універсітэт носіць імя Янкі Купалы, нагадваюць разнастайныя творы мастацтва. Так, перад галоўным корпусам універсітэта ў 1964 годзе ўсталяваны помнік пісьменніку – праца вядомага гродзенскага скульптара Віктара Даненкава. На бетоннай стэле адліты ў метале зварот класіка да беларускай моладзі: «Мілая моладзь, слаўная моладзь, Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны». У фае другога паверха галоўнага корпуса размешчана скульптура Янкі Купалы, аўтарам якой з’яўляецца народны мастак Беларусі, скульптар Заір Азгур. У цэлым жа якраз вакол гэтай скульптуры фактычна арганізавалася своеасаблівая купалаўская культурная пляцоўка, якая стала абавязковым месцам наведвання падчас разнастайных экскурсій, што спрыяе рэалізацыі канцэпцыі «ўніверсітэт-музей». У корпусе філалагічнага факультэта з пачатку 2000-х гадоў стаіць выкананы з латуні ў 1983 годзе бюст Янкі Купалы – праца народнага мастака Беларусі Андрэя Бембеля. У чытальнай зале навуковай бібліятэкі знаходзіцца вырабленая з дрэва кампазіцыя «Жалейка» – праца заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Церабуна.

  Пазнаёміцца з жыццём і творчасцю беларускага паэта можна ў холе другога паверха галоўнага корпуса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэ імя Янкі Купалы: які год ганаровае месца тут займае экспазіцыя, прысвечаная класіку беларускай літаратуры, дзе прадстаўлены цікавыя архіўныя фатаграфіі і малазнаёмыя факты аб жыцці і творчасці нацыянальнага паэта Беларусі, верш «Хлопчык і лётчык» які, дарэчы, натхніў Юрыя Гагарына на заваяванне космасу.

  Імя Янкі Купалы заўжды гучыць ва ўніверсітэце, сёння кожны з гонарам называе сябе купалаўцам, яскрава ўсведамляючы, наколькі гэта пачэсна і адказна.