Над фразеалагізмамі са значэннем канкрэтнай дзейнасці колькасна пераважаюць фразеалагізмы са значэннем абстрактнай дзейнасці. Гэта тлумачыцца тым, што фразеалагізмы, як правіла, служаць для адлюстравання адцягненых працэсаў, больш складаных па сваёй сутнасці, чым канкрэтныя дзеянні.
Дзеяслоўным фразеалагізмам уласцівая міжкатэгарыяльная і ўнутрыкатэгарыяльная мнагазначнасць. Суб’ектам дзеяслоўных фразеалагізмаў са значэннем фізічнага стану выступае неадушаўлёны прадмет, а суб’ектам фразеалагізмаў са значэннем фізіялагічнага стану – асоба або жывая істота.
Канкрэтная характарыстыка фразеалагічнага значэння выразу магчымая толькі на аснове кантэксту, а семантычныя змены фразеалагізма, як правіла, прыводзяць да змены яго граматычнага значэння.
Абсалютная большасць дзеепрыслоўных формаў фразеалагізмаў захоўвае абагульненае значэнне дзеяння і застаецца ў разрадзе дзеяслоўных. Фразеалагізмы ў дзеепрыметнікавай форме праяўляюць тэндэнцыю пераходу ў разрад прыметнікавых фразеалагізмаў.
У прыказках могуць выкарыстоўвацца дзеясловы рознай граматычнай формы, але гэта не прывядзе да змены семантыкі прыказкі.
Вынікі НДР могуць выкарыстоўвацца ў сістэмных даследаваннях і вучэбных дапаможніках па праблемах фразеалогіі, а таксама для ўдакладнення і выпраўлення слоўнікавых артыкулаў у тлумачальных і фразеалагічных слоўніках сучаснай беларускай мовы.
Супрацоўнікі кафедры беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы праводзяць шматлікія навуковыя даследаванні па розных напрамках беларускага мовазнаўства.
У межах агульнакафедральнай навукова-даследчай тэмы «Лексіка, фразеалогія і граматыка беларускай мовы ў сінхранічным, дыяхранічным і супастаўляльна-тыпалагічным аспектах» атрымалі грунтоўную распрацоўку і ўсебаковы разгляд наступныя пытанні мовазнаўства: функцыянаванне фразеалагізмаў і прыказак у літаратурнай і дыялектнай мовах; беларускія гаворкі і іх адлюстраванне ў помніках пісьменства; структурныя і семантычныя асаблівасці урбаніміі Гродзеншчыны; айканімічная сістэма Гродзеншчыны; структура, асаблівасці ўтварэння і функцыянавання дыялектаў Гродзеншчыны; асаблівасці мовы надпісаў на аб’ектах культавага прызначэння (крыжах-абярэгах, помніках, капліцах) і многія іншыя.
Вынікі дадзенай навуковай работы маюць вялікае практычнае значэнне для распрацоўкі адукацыйных стандартаў, вучэбных праграм, слоўнікаў, даведнікаў і дапаможнікаў па беларускай мове, падрыхтоўкі высокакваліфікаваных настаўнікаў-філолагаў. Акрамя таго, даследаванні ў галіне мовазнаўства спрыяюць папулярызацыі беларускай мовы і павышэнню яе прэстыжу як мовы навукі, адукацыі і культуры.