Версия для печати
Понедельник, 03 октября 2011 13:52

Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ГрДУ імя Янкі Купалы правёў семінар на тэму “Рэгіянальнае супрацоўніцтва ў галіне перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі”

З прывітальным словам на адкрыцці семінара да гасцей звярнуўся прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы, доктар тэхнічных навук, дацэнт Уладзімір Георгіевіч Барсукоў.

На семінары “Рэгіянальнае супрацоўніцтва ў галіне перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі” супрацоўнікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў ГрДУ імя Янкі Купалы сустрэліся з менеджэрамі па кіраванні персаналам і інжынерна-тэхнічнымі работнікамі прадпрыемстваў Гродзенскага рэгіёну.

З прывітальным словам на адкрыцці семінара да гасцей звярнуўся прарэктар па вучэбнай працы ГрДУ імя Янкі Купалы, доктар тэхнічных навук, дацэнт Уладзімір Георгіевіч Барсукоў.

Уладзімір Георгіевіч адзначыў актуальнасць і значнасць пытанняў, якія абмяркоўваліся на семінары. Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў супрацоўнічае з абласнымі органамі ўлады, прадпрыемствамі і арганізацыямі. Калектыў інстытута ўвесь час шукае і знаходзіць новыя шляхі і магчымасці развіцця адукацыйных праграм. Напрыклад, сёння на многіх прадпрыемствах Гродзеншчыны адкрыты філіялы кафедраў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У рамках семінара адбылося пасяджэнне круглага стала, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі будаўніча-мантажнага трэста №30 горада Гродна, прадпрыемстваў “Краснасельскбудматэрыялы”, “Белкард”, “Гроднапрамбуд” і “Гроднажылбуд”, Гродзенскага і Ваўкавыскага мясакамбінатаў, Гродзенскага шклозавода “Нёман”, Скідальскага цукровага камбіната, Гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”, агракамбіната “Скідальскі”. У on-line рэжыме прымалі ўдзел прадстаўнікі лідскіх прадпрыемстваў “Лакафарба” і “Лідскае піва”.

Дырэктар ІПКіПК ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Тамара Андрэеўна Бабкіна расказала ўдзельнікам семінара аб інстытуце як рэгіянальным цэнтры дадатковай адукацыі дарослых. Тамара Андрэеўна адзначыла, што ад кваліфікацыі супрацоўнікаў, іх ідэй і мыслення залежыць шмат. Удзельнікі пазнаёміліся з формамі супрацоўніцтва ІПКіПК са спецыялістамі розных структур, з мэтамі і задачамі праграм Інстытута.

У Інстытуце павышэння кваліфікацыі і парападрыхтоўкі кадраў ГрДУ імя Янкі Купалы сёння налічваецца каля шасці тысяч слухачоў, рэалізавана больш за 60 праграм, выкарыстоўваецца каля 50 сумесных пляцовак і лабараторый. У новым навучальным годзе адкрыты 5 новых спецыяльнасцей перападрыхтоўкі кадраў, у бліжэйшы час плануецца пачаць падрыхтоўку спецыялістаў па кваліфікацыях “Дызайнер”, “Псіхолаг-менеджэр”, “Эканаміст”, “Эканаміс-менеджэр”.

Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы Мікалай Уладзіміравіч Ленко абмеркаваў з удзельнікамі семінара пытанні павышэння кваліфікацыі ў галіне аховы працы, расказаў пра праблемы, якія існуюць, і вопыт, ахарактарызаваў задачы дэпартаменту, якія пастаўлены на гэты год.

Кацярына Адамаўна Гатоўчыц, намеснік начальніка інспекцыі Дэпартаменту кантролю і нагляду па Гродзенскай вобласці расказала пра вынікі і перспектывы павышэння кваліфікацыі спецыялістаў будаўнічай галіны. На пасяджэнні круглага стала было прадстаўлена маркетынгавае даследаванне па якасці адукацыйных паслуг, якія аказвае інстытут, і патрэбнасцей прадпрыемстваў і арганізацый.

Абмяркоўваліся патрабаванні да кваліфікацыі супрацоўнікаў, крытэрыі выбару ўстановы адукацыі для павышэння кваліфікацыі кадраў (аплата, якасць і тэрміны навучання, рэсурсы), забеспячэнне базы лабараторна-практычных заняткаў, вытворчай практыкі, прыцягненне спецыялістаў-практыкаў.

Удзельнікі абмеркавалі магчымасці распрацоўкі праграмы па індывідуальных курсах з дыстанцыйным навучаннем.