Версия для печати
Четверг, 30 сентября 2010 18:00

Персанальная выстава мастака Аляксандра Мікалаевіча Ларыёнава адкрыта ў Новым замку.

Персанальная выстава мастака Аляксандра Мікалаевіча Ларыёнава адкрыта ў Новым замку.

Выстава, якая пачала працаваць у Сенатарскай зале Новага замка, ужо 56-я ў багатай калекцыі выставаў вядомага ў Беларусі і за яе межамі мастака Аляксандра Мікалаевіча Ларыёнава. Першая выстава Аляксандра Мікалаевіча была арганізавана ў Гродне ў студзені 1984 года. Яго працы ў розны час змаглі ўбачылі жыхары Друскінінкая, Шяўляя, Беластока, Познані, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Нью-Ёрка, Мэмфіса і іншых гарадоў усяго свету. Таксама яго карціны былі выстаўлены на шматлікіх сумесных з іншымі мастакамі выставах. Аляксандр Мікалаевіч прыняў удзел у 5 міжнародных пленэрах.

Аляксандр Мікалаевіч Ларыёнаў – выпускнік Гродзенскага педагагічнага інстытута, працаваў дацэнтам кафедры выяўленчага мастацтва ГрДУ, з’яўляецца членам Еўрапейскай федэрацыі мастакоў. На працягу доўгіх гадоў з’яўляўся куратарам галерэі «UNIVERSUM» Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 2000 годзе ў межах заснаванай у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце намінацыі “Чалавек года” Аляксандр Мікалаевіч Ларыёнаў атрымаў гэты знакавы тытул.

Адкрыў выставу дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Віктаравіч Кітурка, выступілі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Яўгеній Аляксеевіч Роўба, загадчык кафедры дызайна факультэта мастацтваў і дызайна ГрДУ Антон Антонавіч Ляшчынскі, паэт Мікалай Іванавіч Сяроў.

На адкрыцці персанальнай выставы прысутнічала шмат гасцей: прадстаўнікі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, рэктарата ГрДУ, заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь, вядомыя і маладыя мастакі, выкладчыкі і студэнты ГрДУ, школьнікі.

Усе прысутныя паглядзелі дакументальны фільм аб Аляксандры Мікалаевічы Ларыёнаве “Росчырк часу”.

На выставе прадстаўлены: ілюстрацыі да паэмы М. Клюева “Пагарэльшчына”; з серыі “Знічка”, прысвечанай М. Багдановічу; да лірыкі японскага паэта XVII стагоддзя Мацуо Басё; з серыі “Бясконцасць”; трыпціх “Стварэнне”; з серыі “Ператварэнні”; з цыклаў “Восеньскія асацыяцыі” і “Метафізічныя нацюрморты”; з серыі “Чорныя дошкі”, прысвечанай А. Рублёву; з серыі “У імя айца і сына”, прысвечанай Андрэю і Арсенію Таркоўскім; з серыі “Кветак боскія лікі”.

Сям’я Аляксандра Мікалаевіча Ларыёнава ў знак вялікай павагі і ўдзячнасці перадала бібліятэцы факультэта мастацтваў і дызайна Гродзенскага ўніверсітэта багатую калекцыю ўнікальных кніг па гісторыі мастацтва.