Версия для печати
Вторник, 06 июля 2010 16:30

У ГрДУ прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя “Вялікае княства Літоўскае і яго суседзі ў XIV – XV ст.: саперніцтва, супрацоўніцтва, урокі”

Отчет о прооведении Международной научной конференции "Великое княжество Литовское и его соседи в 14-15 вв.: соперничество, сотрудничество, уроки"

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы (кафедра гісторыі Беларусі факультэта гісторыі і сацыялогіі), Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Канферэнцыя праводзілася ў межах Дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006 – 2010 гг. “Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры” (навуковы кіраўнік – доктар гістарычных навук, прафесар А.А.Каваленя).

Канферэнцыя прайшла ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі. Навуковае мерапрыемства было прысвечана 600-годдзю Грунвальдскай бітвы.

Удзельнікаў канферэнцыя віталі прарэктар па навуковай рабоце і інавацыях ГрДУ, доктар эканамічных навук, прафесар Генадзь Аляксеевіч Хацкевіч, дэкан факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Эдмунд Станіслававіч Ярмусік, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Каваленя. Аляксандр Аляксандравіч адзначыў, што вельмі прыемна і добра, калі ў канферэнцыі прымаюць ўдзел маладыя навукоўцы. Такім чынам, праз навуковыя даследаванні ўшаноўваецца памяць людзей, якія ў тыя часы жылі на тэрыторыі Беларусі і, змагаючыся, загінулі ў барацьбе.

На сёняшні дзень засталося шмат пытанняў, якія тычацца падзей, што папярэднічалі Грунвальдскай бітве, якія звязаны як з ходам бітвы, так і з ацэнкай яе вынікаў для Усходняй Еўропы. Каля 40 тысяч ваяроў складала войска ВКЛ. Амаль 20 тысяч з іх (кожны другі) злажылі голавы пад Грунвальдам. Не менш 15 тысяч з іх былі сынамі беларускай зямлі.

Падчас пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі абмеркавалі шэраг тэм: міжнародныя канфлікты ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ў XIV – XV ст. і шляхі іх вырашэння; знешняя палітыка ВКЛ у канцы XIV – пачатку XV ст.; Вялікая вайна 1409 – 1411 гг.: перадгісторыя, ход, наступствы; Вітаўт як палітычны дзеяч і асоба; удзельнікі Грунвальдскай бітвы; вайна, узбраенне і ваенная справа ў ВКЛ у канцы XIV – пачатку XV ст.; войны Сярэднявечча ў гістарычнай памяці народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы; дзяржавы, грамадствы, этнасы, канфесіі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў XIV – XV ст.: формы супрацоўніцтва; дзяржаўныя, сацыяльныя і прававыя інстытуты ў ВКЛ у канцы XIV – пачатку XV ст.

Падчас канферэнцыі адбыліся шэраг мерапрыемстваў: гістарычная рэканструкцыя эпохі Грунвальдскай бітвы, якую прадставілі клубы “Двузуб” (рэканструкцыя ХІІІ ст.) і “Кром” (рэканструкцыя 1386 – 1410 гг.); экскурсія па выставе “Старажытная зброя”; прэзентацыя Руслана Барысавіча Гагуа “Грюнвальд в источниках: «Хроника конфликта Владислава, короля Польши, с крестоносцами в год Христов 1410»”; выстава кніг, прысвечаная Грунвальдскай бітве; паніхіда па загінуўшых удзельніках бітвы ў Каложская царква.

Аўтарам кнігі “Грюнвальд в источниках: «Хроника конфликта Владислава, короля Польши, с крестоносцами в год Христов 1410»” з’яўляецца выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, а ў цяперашні час - кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных навук, гісторыі і права Палескага дзяржаўнага універсітэта Руслан Барысавіч Гагуа. Аўтар прысвяціў манаграфію адной з асноўных крыніц даследавання падзеі Грунвальдскай бітвы 1410 года. Комплекснае даследаванне хронікі дазволіла аўтару па-новаму растлумачыць розныя аспекты вядомай бітвы. Руслан Барысавіч Гагуа на прэзентацыі кнігі адзначыў, што яго манаграфія з’яўляецца карыснай працай для гісторыкаў, культуролагаў, студэнтаў, а таксама ўсім, хто цікавіцца сярэдневяковаў гісторыяй Беларусі і Еўропы.