Версия для печати
Четверг, 29 апреля 2010 18:09

Выкладчыкам ГрДУ Наталлі Дзмітрыеўне Стракаль і Міхаілу Аляксеевічу Маталыцкаму прызначаны персанальныя надбаўкі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Персанальная надбаўка прызначана Наталлі Дзмітрыеўне Стракаль  за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі ў галіне навукі.  

Наталля Дзмітрыеўна Стракаль – вядучы навуковы супрацоўнік, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт. Мае навуковыя дасягненні ў галіне оптыкі нанаструктураваных матэрыялаў. Наталля Дзмітрыеўна распрацавала метады імабілізацыі паўправадніковых наначасціц на дыэлектрычных падложках для выкарыстання ў біяаналітыцы і спінтроніцы, а таксама метад атрымання квазінанапровалак з паўправадніковых нанакрысталаў з выкарыстаннем сінтэтычных поліэлектралітаў у якасці шаблону, выявіла   эфект селектыўнага ўзмацнення другаразовага свячэння храмафораў з выкарыстаннем плазмонных плёнак золата і срэбра для павелічэння кантрастнасці мікраскапічных даследаванняў у медыцынскай дыягностыцы.

Персанальная надбаўка прызначана Міхаілу Аляксеевічу Маталыцкаму за значны ўклад  у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэспублікі ў галіне адукацыі.

Міхаіл Аляксеевіч Маталыцкі – загадчык кафедры стахастычнага аналізу і эканаметрычнага мадэлявання, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. З’яўляецца аўтарам, распрацоўшчыкам і кіраўніком першай у Рэспубліцы Беларусь комплекснай мэтавай праграмы развіцця спецыяльнасці “Эканамічная кібернетыка” на 2004-2010 гг., а таксама адным з стваральнікаў Беларускай навуковай школы па тэорыі масавага абслугоўвання. Навуковы кіраўнік створанай у ГрДУ імя Янкі Купалы навукова-педагагічнай школы па стахастычнаму і камп’ютэрнаму мадэляванню. Міхаіл Аляксеевіч Маталыцкі атрымаў новыя навуковыя вынікі па тэорыі сетак масавага абслугоўвання, якія выражаюцца ў форме адкрыццяў розных невядомых заканамернасцяў і законаў працякання выпадковых працэсаў, апісваючых іх паводзіны, што дазволіла выкарыстоўваць такія сеткі пры мадэляванні розных аб’ектаў і працэсаў, уведзены ў разгляд і даследаваны новы клас сетак – маркаўскія сеткі з прыбыткамі. Гэтыя вынікі ўкаранёны на розных прадпрыемствах і камп’ютэрных фірмах г. Гродна і атрымалі прызнанне за мяжой. Міхаіл Аляксеевіч – распрацоўшчык многіх курсаў і спецкурсаў, якія ўведзены  ў вучэбны працэс. Аўтар шматлікіх вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Надбаўкі ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2004 года № 571 і згодна з Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 красавіка 2010 года № 117рп “Аб устанаўленні штомесячных надбавак на 2010 год спецыялістам арганізацый аховы здароўя, навукі, культуры і адукацыі”.