Версия для печати
Среда, 28 апреля 2010 13:55

Праблему гатоўнасці маладога педагога да працы ў рэжыме on-line абмеркавалі на педагагічным факультэце ГрДУ

Упраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта сумесна з педагагічным факультэтам Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы правялі ў рэжыме on-line інтэрактыўную сустрэчу па праблеме гатоўнасці выпускніка факультэта да педагагічнай дзейнасці ў сучасных умовах.

У дадзеным мерапрыемстве прыняло ўдзел і аказала вялікую дапамогу ў яго арганізацыі ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Кіраўнікі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта,  загадчыкі кафедр педагагічнага факультэта прапанавалі шэраг актуальных пытанняў для абмеркавання:  чаму маладыя спецыялісты пасля тэрміну абавязковай адпрацоўкі па размеркаванню застаюцца  ці не застаюцца працаваць ва ўстановах адукацыі; ці валодаюць выпускнікі ГрДУ неабходнымі акадэмічнымі кампетэнцыямі; ці задаволены студэнты арганізацыяй педагагічнай практыкі; з якімі праблемамі сутыкаецца малады спецыяліст, які пачынае сваю педагагічную дзейнасць, і шэраг іншых. 

Выпускнікі ГрДУ засведчылі высокі ўзровень ведаў, атрыманых падчас навучання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, канстатавалі, што вучоба ў ГрДУ стала фундаментам для далейшай самаадукацыі, самаразвіцця і самаўдасканальвання. Яны ўносілі слушныя прапановы аб магчымых змяненнях у адукацыйным працэсе вышэйшай навучальнай установы, прапанавалі мадэль удасканальвання педагагічнай практыкі. Былі названы магчымыя шляхі ўмацавання практычнай накіраванасці навучання: павелічэнне часу на педагагічную практыку, больш глыбокае засваенне методыкі і тэхналогіі выкладання, магчымасць праходжання стажыроўкі будучых настаўнікаў замежнай мовы ў школах за мяжой, наведванне спецыяльных курсаў, якія б праводзілі выкладчыкі замежных вышэйшых навучальных устаноў; а таксама атрыманне навыкаў ажыццяўлення педагагічнай дыягностыкі, авалодванне метадамі арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроку, прымяненне інавацыйных тэхналогій і некаторыя  іншыя.

Размовы ў інтэрактыўным рэжыме з маладымі спецыялістамі высветлілі прычыны, якія дазваляюць ім застацца на працы пасля адпрацоўкі па размеркаванню, сярод іх – дастатковая матэрыяльна-тэхнічная база ў школах, спрыяльны мікраклімат у педагагічных калектывах, адпаведныя ўмовы для паспяховай адаптацыі маладых настаўнікаў.   

Выпускнікі ВНУ выказалі прапанову арганізоўваць канферэнцыі, семінары і трэнінгі па абмену перадавым педагагічным вопытам і новымі педагагічнымі і інфармацыйнымі тэхналогіямі, а таксама прыйшлі да высновы, што першая спроба зносін ва on-line фармаце аказалася вельмі карыснай.

Вынікі on-line сустрэчы будуць прааналізаваны на калегіі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, на пасяджэннях савета педагагічнага факультэта, кафедр і метадычных камісій.