Мерапрыемства, арганізаванае Цэнтрам даследаванняў дыяспар і замежнага беларусазнаўства факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, прайшло 27 кастрычніка і стала данінай глыбокай павагі класікам айчыннай літаратуры.
Сустрэча была прысвечана двум значным юбілейным датам: 150-годдзю з дня нараджэння выдатнай беларускай пісьменніцы Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і 100-годдзю надання Якубу Коласу звання Народнага паэта.
Мадэратарам культурнага дыялога выступіў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны.
Цэнтральным момантам сустрэчы стаў даклад, прысвечаны літаратурнай спадчыне Цёткі. Дацэнт кафедры беларускай філалогіі і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна Сабуць прадставіла дэталёвы аналіз твораў пісьменніцы і растлумачыла слухачам, чаму яе постаць лічыцца феноменам беларускай культуры пачатку ХХ стагоддзя.
Асаблівую атмасферу мерапрыемству надала дыстанцыйная сувязь з Васілінай Міцкевіч – праўнучкай Якуба Коласа і галоўнай захавальніцай фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. У сваім звароце яна прэзентавала найноўшыя выданні, прысвечаныя знакамітаму продку і яго сям’і.
Гэтая сустрэча стала не проста данінай памяці вялікім творцам, а сведчаннем таго, што павага да іх спадчыны беражліва захоўваецца ў Купалаўскім універстэце і перадаецца маладому пакаленню, натхняючы яго на вывучэнне і любоў да роднага слова.