Універсітэт – гэта не толькі лекцыі, практычныя заданні і залікі, але і прастора для рэалізацыі сваіх талентаў і інтарэсаў. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы актыўна садзейнічае развіццю студэнтаў, заахвочваючы іх да ўдзелу ў розных ініцыятывах, сярод якіх асаблівае месца займае праект «Жывая гісторыя».
Грамадзянска-патрыятычны праект «Жывая гісторыя» згуртоўвае вакол сябе студэнтаў, выкладчыкаў і школьнікаў – усіх, хто прагне адкрыць для сябе мінулае па-за межамі звычайных падручнікаў.
У межах праекта праводзяцца сустрэчы з выкладчыкамі Купалаўскага ўніверсітэта, запісваюцца іх успаміны, ствараюцца фота- і відэавыставы, падкасты, кароткія гісторыі пра людзей і падзеі. Студэнты ўдзельнічаюць у патрыятычных акцыях, напрыклад «Чытаем Купалу разам» да Дня нараджэння паэта, арганізуюць краязнаўчыя квэсты, інтэлектуальныя гульні і тэматычныя вечарыны, а таксама маюць магчымасць распрацаваць і рэалізаваць уласную ініцыятыву.
Да праекта можа далучыцца кожны, каму цікава даследаваць мінулае свайго горада і сям’і, рабіць сучасны кантэнт пра гісторыю і быць часткай каманды, якая мяняе стаўленне да мінулага. Працы, якія былі створаны ў межах праекта, могуць стаць часткай універсітэцкіх і гарадскіх выстаў, акцый і медыяпраектаў. Праект дае магчымасць атрымаць рэальны досвед праектнай дзейнасці, знайсці каманду аднадумцаў і стаць часткай гісторыі Купалаўскага ўніверсітэта і горада.
Удзельнікам можа стаць любы студэнт ГрДУ імя Янкі Купалы незалежна ад факультэта і курса. Галоўнае – жаданне дзейнічаць, даследаваць і расказваць пра мінулае сучаснай мовай.
Купалаўцы, калі ў вас ёсць гарачае жаданне вывучаць гісторыю, далучайцеся да праекту «Жывая гісторыя»! Для гэтага неабходна запоўніць анкету па спасылцы.