5-6 верасня ў горадзе Касцюковічы Магілёўскай вобласці адбудзецца XXXIII Дзень беларускага пісьменства.
Сёлета асноўнымі тэмамі свята стануць Год беларускай жанчыны, аб’яўлены ў Рэспубліцы Беларусь у 2026 годзе; 85-я гадавіна пачатку Вялікай Айчыннай вайны; юбілеі класікаў беларускай літаратуры; пяцігодка якасці. Кожная з абазначаных тэм будзе адлюстравана ў сцэнічных рашэннях творчых праграм і рабоце пляцовак.
У межах праграмы гасцей чакаюць урачыстая цырымонія адкрыцця і цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі, вялікі гала-канцэрт з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі імя Міхаіла Фінберга і перадачай вымпела гораду – сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2027 годзе.
Асаблівасцю гэтага года стануць павільён рэдкай кнігі, у якім плануецца сабраць унікальныя выданні з усёй краіны (рэдкія старадрукі, факсіміле, мініяцюрныя кнігі і іншае), а таксама «кабінет пісьменніка», дзе будуць прадстаўлены рукапісы, асабістыя рэчы, рэдкія фатаграфіі і архіўныя дакументы пісьменнікаў.
Аматараў слова фестываль парадуе прэзентацыямі, сустрэчамі з аўтарамі, інтэрактывамі, сюрпрызамі і забавамі. Акрамя таго, у межах свята адбудзецца тэматычная інтэрактыўная прэзентацыя Магілёўскай вобласці «Ад берасцянай граматы – да сучасных рэалій», якая прадэманструе асноўныя гістарычныя вехі развіцця кнігадрукавання на Магілёўшчыне, і адкрыецца ўнікальная экспазіцыя «Фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг».