Па добрай традыцыі новы навучальны год купалаўцы распачынаюць у самым сэрцы альма-матар – на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга. Сімвалічна, што сёння на свяце сабраліся 898 удзельнікаў. Гэта лічба не выпадковая – яна адпавядае хуткаму 898-годдзю з дня заснавання нашага любага горада Гродна.
З цёплымі словамі да прысутных звярнулася рэктар універсітэта Ірына Кітурка:
– Паважаныя студэнты, выкладчыкі, нашы госці і сябры! Сёння мы афіцыйна распачынаем новы навучальны год. Вельмі хочацца, каб мы ўсе з вамі памяталі, што вучоба ва ўніверсітэце – гэта не проста шпацыр па жыцці. Гэта штодзённая вялікая праца. Праца над сабой. Новы навучальны год – гэта заўсёды новыя планы. Не адкладвайце іх на заўтра, пачніце ажыццяўляць іх ужо сёння! Стаўце перад сабой амбіцыйныя мэты, бо толькі ад вас залежыць, кім вы станеце ў будучыні. А наш універсітэт у адпаведнасці са сваёй місіяй будзе ісці разам з вамі па гэтым шляху і ганарыцца кожным вашым поспехам.
Урачыстасць аб’яднала рэктарат, выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў і ганаровых гасцей. З пачаткам новага навучальнага года купалаўцаў павіншавалі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, кіраўнік Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, а таксама дэкан факультэта міжнародных адукацыйных праграм Ташкенцкага дзяржаўнага транспартнага ўніверсітэта Алімжон Рыскулаў.
– У мяне сёння ганаровая місія – ад імя кіраўніцтва Гродзенскай вобласці павіншаваць вас з пачаткам новага навучальнага года. Хочацца сказаць вам, паважаныя выкладчыкі, шчырыя словы ўдзячнасці за тую работу, якую вы выконваеце разам з нашымі студэнтамі. Жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў і шчыра адкрытых на веды студэнтаў. Паважаныя студэнты, няхай вашае жыццё будзе самым неверагодным у нашай альма-матар. І, канешне, мы чакаем вас у якасці прафесіяналаў, якія будуць працаваць на карысць нашай вобласці, – з цеплынёй павіншавала Алена Пасюта.
Яшчэ адной важнай і прыемнай падзеяй свята стала ўручэнне пасведчанняў «Аб занясенні на Дошку гонару па выніках 2025/2026 навучальнага года» лепшым навучэнцам, студэнтам, магістрантам і аспірантам універсітэта. Сваімі эмоцыямі падзяліўся студэнт 4 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Яўгеній Жукоўскі:
– Для кожнага студэнта Дзень ведаў – гэта яркае, насычанае свята. Яно заўсёды асацыюецца з радасцю і цёплымі эмоцыямі. Як намеснік старшыні Студэнцкага савета ўніверсітэта, я курырую моладзевую палітыку і працу са студэнтамі. Купалаўскі ўніверсітэт унікальны тым, што ўсе нашы тры студэнцкія арганізацыі працуюць у шчыльнай сувязі, каб зрабіць будні студэнтаў больш яркімі і камфортнымі. Для мяне гэты навучальны год перадапошні, і вельмі хочацца трымаць высокую планку, годна прадстаўляць родны ўніверсітэт!
Наперадзе купалаўцаў чакаюць новыя адкрыцці, дасягненні і перамогі. Няхай кожная лекцыя набліжае студэнтаў да мары, кожны семінар развівае думку, а сяброўскія сустрэчы робяць гэты шлях сапраўды незабыўным. З першым днём восені! З новым пачаткам!