Версия для печати
Пятница, 14 августа 2026 16:28

Слёзы развітання і шчырыя ўсмешкі на закрыцці VI Летняй школы беларускай мовы і культуры

IMG 0921Два насычаныя тыдні Летняй школы завяршыліся – гэта быў яркі час моўнай практыкі і знаёмства з беларускай культурай! На па-хатняму ўтульным закрыцці перапляліся шчырыя ўсмешкі радасці і лёгкія слёзы суму, бо развітвацца з Гародняй заўсёды  няпроста. Дванаццаць удзельнікаў, якія за гэтыя дні сталі адной сям’ёй, павязуць з сабой дадому не проста сертыфікаты і сувеніры, а незабыўныя ўражанні, новыя веды і частку беларускай душы ва ўласных сэрцах.

Пра вынікі працы і галоўны каштоўнасны здабытак школы разважаў дырэктар навуковай бібліятэкі і ідэйны натхняльнік праекта Мікалай Грынько:

Час – рэч, якая бяжыць надзвычай хутка. І сёння мы сабраліся, каб падвесці пэўныя вынікі. Я з поўнай упэўненасцю магу сказаць: Летняя школа-2026  адбылася! I адбылася яна найперш таму, што ў нас былі ўдзельнікі, якія шчыра ў ёй працавалі. На працягу ўсіх заняткаў, майстар-класаў і вандровак я не бачыў сярод вас абыякавых вачэй кожны прагнуў спасцігнуць нешта новае. Вы прыехалі да нас, каб убачыць Беларусь, і я вельмі спадзяюся, што вы павязяце з сабой дамоў яе кавалачак. Павязяце, каб расказаць і паказаць, якая наша краіна прыгожая, цікавая і, самае галоўнае, якія тут жывуць людзі.

Да ўдзельнікаў з цёплымі словамі напутсця звярнулася прарэктар па навуковай працы Наталля Башун:

Сёння ў нас зноў свята, але свята крыху сумнае, бо сёння закрыццё  нашай Летняй школы. Гэтыя 12 дзён прайшлі так хутка, але за гэты час яны сталі сапраўднай крыніцай натхнення, новых ведаў  і  ідэй. Ад імя рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка і ад усёй універсітэцкай супольнасці выказваю шчырую ўдзячнасць усім навучэнцам, выкладчыкам і арганізатарам, якія ўклалі душу ў гэты праект. Мы заўсёды чакаем вас у сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на гасціннай Гродзеншчыне. Да сустрэчы на VII Летняй школе!

Сваімі яркімі ўражаннямі падзялілася удзельніца Летняй школы Алена Дзмітрыева:

Я бязмерна ўражана вашым гасцінствам, універсітэтам, выдатнай бібліятэкай, высокім прафесіяналізмам спецыялістаў і, безумоўна, беларускай культурай, якая проста не мае аналагаў у свеце. Гэта быў унікальны і вельмі каштоўны досвед. Я з вялікім задавальненнем буду агітаваць сваіх студэнтаў прыязджаць да вас у Гродна!

Сваімі пачуццямі таксама падзялілася старшы выкладчык кафедры славянскай філалогіі Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дар’я Гальцова:

Час праляцеў непрыкметна, як гэта заўсёды бывае ў Гродне. Для мяне Летняя школа гэта месца для цудоўнага адпачынку і адначасова велізарнага прафесійнага росту. Гэта маё «месца сілы», дзе я наталяюся энергіяй на ўвесь наступны год. Але я прыехала не адна, а са сваімі студэнтамі. Гэтыя два тыдні я назірала за імі і бачыла, наколькі яны розныя, але кожны з іх знайшоў у школе нешта сваё: тое, што кранула, зацікавіла і ўразіла менавіта яго. Думаю, у гэтым і ёсць галоўны сэнс праекта. Дзякуй вялікі арганізатарам, асабліва Мікалаю Уладзіміравічу, без імпэту якога нічога гэтага не было б. Да сустрэчы ў наступным годзе!

Значнай часткай мерапрыемства стала ўручэнне сертыфікатаў, якія пацвярджаюць паспяховы ўдзел у Летняй школе «Пад светлым іменем Купалы». А паколькі кожнае добрае падарожжа павінна заканчвацца прыемнымі сюрпрызамі, арганізатары падрыхтавалі для гасцей асаблівыя падарункі  гарадзенскія пернікі з выявай універсітэта і Каложскай царквы.

Хай выява нашага ўніверсітэта і святой Каложы будзе ў вашых сэрцах і думках, а сам пернік –  у страўніку! са шчырай усмешкай пажартаваў на развітанне Мікалай Грынько.

Далей навучэнцаў чакаў улюбёны Дзень самакіравання пад сімвалічнай назвай «Дзе шчаслівым можна быць? У Гародні!!!». Паводле задумы, кожны падрыхтаваў кароткі аповед пра сябе і свае ўражанні, а таксама творчы дарунак.

Першай выступіла ўдзельніца школы Арына Навікова:
Што такое шчасце? Шчасце гэта людзі, якія побач з табой. Але як перадаць шчасце ў Гародні? Задача складная, бо выбар уражанняў проста бязмежны! Я трохі ўмею маляваць, таму вырашыла стварыць партрэты нашых удзельнікаў і выкладчыкаў.

Малюнкі Арыны не проста адлюстравалі яе захапленне беларускай культурай, строем ды рамёствамі, а сталі сапраўдным мастацкім летапісам VI Летняй школы.
На гэтых ілюстрацыях знайшлося месца для ўсяго: і для лепшай сяброўкі Дзіяны, і для лакальных жартаў пра жабанят, і для Вольгі Анатольеўны з дачкой Лізай, якія прыйшлі Арыне на дапамогу падчас кулінарнага майстар-класа (тады сяброўка Дзіяна пакінула яе адзін на адзін з «другім беларускім хлебам» бульбай, але дзякуючы агульным намаганням бабка атрымалася неверагодна смачнай, таму ніякіх крыўдаў не засталося!). На гэтых малюнках ажылі шчырыя і душэўныя моманты, якія адбыліся за гэтыя незабыўныя два тыдні.

І гэта яшчэ не ўсё! За два тыдні супольнага жыцця ў ўдзельнікаў з’явіліся свае фірмовыя лакальныя жарты: пра «ўзровень трасянкі С2», пра фразачку «ёсць пытанейка» і пра тое, што «усё жыццё давядзецца слухаць пра Гародню». Асобнае месца занялі трэніроўкі па вымаўленні любімага гуку [ч] абавязкова цвёрдага!

Як мы ўжо расказвалі, дэлегацыя з Варонежскага дзяржаўнага ўніверсітэта штогадова расце, таму запомніць імёны ўсіх удзельнікаў тая яшчэ задача. Але Мікалай Грынько з ёй бліскуча справіўся, хоць і не пазбег добразычлівых жартаў. А навучэнцы ўжо паабяцалі: у наступным годзе прыедуць камандай у 20 чалавек, таму дырэктару бібліятэкі давядзецца пастарацца зноў!

Развітвацца з Летняй школай не хацелася нікому: ні ўдзельнікам, ні арганізатарам, якія за гэты час сталі адной вялікай і дружнай сям’ёй. Але менавіта таму такія моманты і набываюць асаблівую каштоўнасць, бо яны хутка мінаюць. Але мы не кажам нашым гасцям «бывай!», а толькі шчырае і цёплае «да сустрэчы!». Да сустрэчы на VII Летняй школе беларускай мовы і культуры «Пад светлым іменем Купалы»! Да новых адкрыццяў і яскравых сустрэч!