7 ліпеня, у дзень нараджэння паэта-прарока, ва ўніверсітэце прайшла традыцыйная акцыя «Чытаем Купалу разам!».
Падобна таму, як класік апяваў прыгажосць і веліч спадчыны, што засталася нам «ад прадзедаў спакон вякоў», так і купалаўцы ўжо ў дзясяты, юбілейны раз ушанавалі памяць паэта. Акцыя, якая прайшла ў межах праекта «Жывая гісторыя», сабрала аматараў беларускай культуры і слова. Бо сапрады, хто, як не купалаўцы, павінны ўслаўляць імя песняра беларускай зямлі?
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка падкрэсліла: імя класіка – гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць:
– Хачу адзначыць, што імя Янкі Купалы нашай навучальнай установе прысвойвалася двойчы. Спачатку як педагагічнаму інстытуту, а ў 1978 годзе мы сталі ўніверсітэтам, аднак імя паэта аўтаматычна не перайшло да новага статусу. Каля дзесяці гадоў пакаленні студэнтаў і супрацоўнікаў змагаліся за тое, каб у 1988 годзе стаць Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэтам імя Янкі Купалы. Сённяшняя акцыя для нас – не проста мерапрыемства. Мы хочам, каб кожны ўдзельнік сэрцам адчуў тыя словы, якія даносіў да нас паэт, каб мы захавалі сапраўдную сувязь пакаленняў. Вершы паэта нясуць у сабе вялікую любоў да Радзімы. Чаго толькі каштуе яго «Мая малітва» для нашай зямлі:
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Не вылі над роднай зямлёй, нада мной.
Урачыстасць пачалася з ускладання кветак да бюста паэта. Пасля афіцыйнай часткі кожны ахвотны меў магчымасць прачытаць улюбёныя радкі. Удзельнікі выбіралі вершы, якія кранулі нешта патаемнае ў іх душах.
Сапраўды, паэзія Янкі Купалы – гэта музыка, у рытмах якой пераплятаюцца пачуцці людзей і ідэі аўтара. Яе рытміка, незвычайна багатая і разнастайная, яе арыгінальны падбор сугуччаў то навяваюць сум па страчаным, то хвалююць кроў памкненнем да справы, то чаруюць спакоем і памяркоўнасцю.
Арсень Шыцік, студэнт 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, адзначыў неацэнны ўнёсак паэта:
– Гэта пісьменнік беларускіх палёў і рэк, пісьменнік кахання, пісьменнік любасці да краіны і яе прыгажосці. Я асабліва захапляюся творчасцю Купалы пачатку ХХ стагоддзя – часу, калі аўтар быў апантаны энергіяй маладосці і ўздымам нацыянальнага духу.
Падчас паэтычнай акцыі гучалі знакамітыя радкі творцы: «А дзяўчыне», «На жалейцы», «За ўсё», «Спадчына», «Я люблю», «Я і воля мая», «Явар і каліна». Кожны верш адгукаўся ў сэрцах асаблівым настроем, прымушаў на хвілінку спыніцца і паспрабаваць расшыфраваць прыхаваныя сэнсы пісьменніка.
Янка Купала вядомы не толькі як паэт, але і як выбітны драматург. Студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта Дар’я Янкелайць падзялілася сваім захапленнем шматграннасцю класіка:
– Ён загаварыў пра праблемы маладой Беларусі і нацыянальнага адраджэння. Янка Купала, на маю думку, больш вядомы як паэт, але мы не можам забывацца пра яго драматургічныя творы. Так, самай вядомай для ўсіх з’яўляецца камедыя «Паўлінка». А калі казаць пра паэтычную спадчыну, то, думаю, самым яркім прыкладам з’яўляецца верш «Спадчына». Такі цікавы паўтор атрымаўся. Або верш «Жняя». Гэты верш мне вельмі падабаецца, бо ў ім як раз апісваецца вобраз беларускай дзяўчыны, якая нягледзячы на складаную працу, захоўвае сваю знешнюю і ўнутраную прыгажосць:
А яна – царыца –
Весела, шчасліва
Карануе песняй
Залатое жніва.
Важна адзначыць, што сёлета праект выйшаў далёка за межы Купалаўскага ўніверсітэта. Удзельнікамі акцыі сталі не толькі студэнты і выкладчыкі, але і прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Аўстрыі, а таксама навучэнцы шматпрофільнай летняй школы «Купалаўскі старт».
Гэтая акцыя чарговы раз даказала, што паэзія Янкі Купалы не мае ўзроставых ці геаграфічных межаў. Яна як жывая вада, што сілкуе нацыянальную свядомасць, яднае пакаленні і натхняе на важныя здзяйсненні. Сёння радкі песняра працягваюць жыць на нашых вуснах, а значыць – Купала заўсёды з намі.