Сёння, 3 сакавіка, у навуковай бібліятэцы Купалаўскага ўніверсітэта прайшло мерапрыемства, прысвечанае прэзентацыі новага нумара навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова». Удзельнікамі сустрэчы сталі галоўны рэдактар Наталля Шапран, студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта.
Часопіс «Роднае слова» – гэта своеасаблівая пляцоўка для публікацыі навуковых і метадычных прац, якія з’яўляюцца карыснымі для студэнтаў, настаўнiкаў, выкладчыкаў i навукоўцаў.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася прарэктар па навуковай працы Купалаўскага ўніверсітэта Наталля Башун.
– Сёння ў нас праходзіць прэзентацыя штомесячнага навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова», які прысвечаны 85-годдзю заснавання філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Часопіс «Роднае слова» аб’ядноўвае нас і з’яўляецца носьбітам лепшых традыцый, а таксама фундаментальным навукова-метадычным і літаратурна-мастацкім выданнем, якое спрыяе папулярызацыі беларускай культуры, – адзначыла Наталля Зігмундаўна.
Пра падрыхтоўку нумароў часопіса «Роднае слова» расказала галоўны рэдактар Наталля Шапран. Наталля Мікалаеўна падрабязна спынілася на апошнім нумары, які прысвечаны юбілею філалагічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта. У сваім выступленні рэдактар выказала словы падзякі ўсім тым, хто прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы новага нумара, асабліва адзначыла дырэктара навуковай бібліятэкі Мікалая Грынько, а таксама ўручыла памятны падарунак дэкану філалагічнага факультэта Святлане Ганчар.