Версия для печати
Среда, 25 февраля 2026 15:34

У навуковай бібліятэцы адзначылі Дзень нараджэння Купалаўскага ўніверсітэта паэтычным вернісажам

IMG 8208 23У чароўнай атмасферы чытальнай залы адбыўся паэтычны вернісаж «Табе, Alma mater, я песню складаю», прысвечаны 86-й гадавіне Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Мерапрыемства сабрала студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў і гасцей, каб разам ушанаваць гісторыю і традыцыі Alma mater праз паэзію, прозу і музыку.

Ірына Кітурка, рэктар Купалаўскага ўніверсітэта, выступіла з прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў мерапрыемства.

Сённяшні паэтычны вернісаж мае вельмі цудоўную назву «Табе, Alma mater, я песню складаю». Я ведаю, што ёсць нашы выкладчыкі і студэнты, выпускнікі, якія складаюць песні, оды, вершы ў гонар нашага ўніверсітэта, – адзначыла Ірына Фёдараўна.

У межах праграмы прагучалі як вершаваныя, так і празаічныя творы – арганізатары адзначылі, што проза можа быць не менш метафарычнай і каларытнай у апісанні жыцця ўніверсітэта. Студэнты і запрошаныя госці чыталі вядомых аўтараў і ўласныя творы.

Арганізатары ўшанавалі педагагічную дынастыю ўніверсітэта – згадалі імя Івана Платонавіча Мартынава, які быў і студэнтам, і выкладчыкам і пакінуў значны след у акадэмічнай супольнасці. Былі прачытаны яго паэтычны твор-прысвячэнне Alma Mater, а таксама верш пра студэнцкае жыццё. У праграме прагучалі таксама ўспаміны вядомых навукоўцаў і педагогаў: студэнты 1 курса беларускай філалогіі зачыталі ўрывак з успамінаў крытыка і літаратуразнаўца Аляксея Пяткевіча, які ўсё жыццё працаваў ва ўніверсітэце і арганізоўваў запамінальныя літаратурныя вечары. Вольга Анатольеўна Пянькова, былая выкладчыца факультэта мастацтваў і дызайну, падзялілася ўласнымі паэтычнымі радкамі.

Адзначылі і творчы ўклад сучасных выкладчыкаў і студэнтаў: з прывітальным словам выступіла Святлана Тарасава, кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Наднёманскія галасы», што дзейнічае з 1958 года.

Адметным момантам стала прэзентацыя лістоў-успамінаў выпускнікоў: сярод іх – біяграфічная мініяцюра ад імя выпускніцы 1958 года Розы Гарачавай (у дзявоцтве Рымар), якая шчыра распавяла пра студэнцкія гады і выкладчыкаў, што паўплывалі на яе жыццёвы шлях.

У фінальнай частцы прагучалі віншаванні: падажанні натхнення, новых творчых перамог і адкрыццяў.

Паэтычны вернісаж стаў яшчэ адным доказам таго, што Купалаўскі ўніверсітэт – гэта месца, дзе жыве навука, мастацтва і творчасць, і што мы – сапраўдная акадэмічная сям’я.