Сёння, 20 лютага, у анлайн-фармаце прайшоў паэтычны мост паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М.В. Ламаносава.
Гэта ўжо другі паэтычны мост, прымеркаваны да Дня роднай мовы, арганізаваны сумесна факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму і філалагічным факультэтам МДУ імя М.В. Ламаносава, дзе са снежня 2017 года паспяхова працуе Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і культуры, створаны сумесна з ГрДУ імя Янкі Купалы.
З уступным словам выступіла Алена Антончык, намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, старшы выкладчык кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуліся Кедрава Галіна Яўгенаўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, намеснік дэкана філалагічнага факультэта па міжнародных сувязях, дырэктар Цэнтра новых інфармацыйных тэхналогій у гуманітарнай адукацыі, навуковы кіраўнік лабараторыі забяспечанага кампутарам навучання МДУ ім. М. В. Ламаносава, і Вераніка Антанюк, выкладчык Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры МДУ імя М.В. Ламаносава.
Паэтычнае мерапрыемства ўключала чатыры часткі.
У першай выступілі прадстаўнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. Байку Кандрата Крапівы "Мурашка і жук" прадставіла Ала Шэшкен, кіраўнік Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і культуры, доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры славянскай філалогіі МДУ ім. М.В. Ламаносава. Верш Янкі Купалы “Роднае слова” прадставіў Уладзімір Гладун, адзінаццацікласнік, удзельнік беларускамоўнага семінара на VI Школе славістыкі МДУ імя М.В. Ламаносава.
У другой частцы мерапрыемства свае паэтычныя ўменні прадставілі студэнты-купалаўцы. Арыяна Ланіна, студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, прачытала верш Яўгеніі Янішчыц “Ты пакліч мяне, пазаві”. Ксенія Мураўёва, студэнтка 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, прадставіла паэтычны твор Рыгора Барадуліна “І ўсе былі табой і не табой”. Яшчэ адзін твор Рыгора Барадуліна “Бацьку” прачытаў Іван Стэфановіч, студэнт 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Вікторыя Міронава, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, для свайго выступлення абрала верш Максіма Багдановіча “Я хацеў бы спаткацца з вамі”. Міліса Стэфановіч, студэнтка 1 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, прадставіла верш Максіма Танка "Родная мова".
Трэцяя частка была прысвечана відэапрэзентацыі ад МДУ імя М.В. Ламаносава. Пераклад Уладзiмiра Дубоўкі “Санета 66” Уiльяма Шэкспiра прэзентавала Аляксандра Шырокава, выкладчык кафедры славянскай філалогіі. Твор Рыгора Барадуліна «Адаму Міцкевічу» ў перакладзе Арыны Літвін і Анастасіі Бабіцкай прадставілі Антон Зубялевіч, студэнт 4 курса аддзялення славянскай філалогіі, і Арына Літвін, студэнтка 3 курса аддзялення славянскай філалогіі. Паэтычны твор Стэвана Раічкавіча “Клічу цябе, песня…” ў перакладзе Нiла Гiлевiча прадставіла Валерыя Караваева, студэнтка 4 курса аддзялення славянскай філалогіі. Верш “Мост Мiрабо” Гіёма Апалінэра ў перакладзе Андрэя Хадановiча прэзентаваў Антон Зубялевіч, студэнт 4 курса аддзялення славянскай філалогіі.
У заключнай чацвёртай частцы выступілі замежныя студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы. Верш Пятруся Броўкі “Сляды” прадставіла Батырава Нясібе, студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Гарамырадава Гунча, студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, выступіла з паэтычным творам Яўгеніі Янішчыц “Ты паклiч мяне, пазавi”. Верш Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхi” прачытала Тагангулыева Нурана, студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Паэтычны твор Янкі Купалы “Ты прыйдзi” прэзентавала Турсунова Тавус, студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Джумаева Лэйла, студэнтка 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, прачытала верш “Трэба дома бываць часцей” Рыгора Барадуліна.
Мерапрыемства стала сімвалам сяброўства, павагі да беларускай культуры, традыцый і любові да паэзіі.