Сёння, 20 лютага, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы наведала дэлегацыя Арлоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І.С. Тургенева. Мэта візіту – абмеркаванне перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва.
Арлоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя І.С. Тургенев – найбуйнейшы ўніверсітэт Арлоўскай вобласці і адзіны ў рэгіёне шматпрофільны цэнтр, які вядзе бесперапынную падрыхтоўку спецыялістаў усіх узроўняў у галіне педагагічнай, інжынернай, медыцынскай, прыродазнаўчай і гуманітарнай адукацыі.
З ініцыятывай супрацоўніцтва звярнуўся Арлоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя І.С. Тургенева яшчэ ў сакавіку 2025 года. Калегі з Расіі выступілі з прапановай ўзаемадзеяння з факультэтам эканомікі і кіравання.
Сёння на сустрэчы Арлоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя І.С. Тургенева прадставілі Павел Мяркулаў, які выконвае абавязкі рэктара; памочнік рэктара Сяргей Фядотаў і саветнік рэктара, прафесар Віктар Ліўцоў. З боку Купалаўскага ўніверсітэта на сустрэчы прысутнічалі рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, першы прарэктар Аляксандр Карэўскі, прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай працы Васілій Сянько, дэкан факультэта эканомікі і кіравання Марына Карпіцкая, начальнік навукова-даследчай часткі Антон Глазеў, начальнік цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Алена Белакоз і начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Вольга Мінава.
Падчас сустрэчы рэктары прадставілі ўніверсітэты і вызначылі ключавыя напрамкі супрацоўніцтва, у ліку якіх – навуковыя даследаванні, абмен студэнтамі і выкладчыкамі, а таксама сумесныя навучальныя праграмы.
У межах сустрэчы адбылося падпісанне Дамовы аб міжнародным супрацоўніцтве паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Арлоўскім дзяржаўным універсітэтам імя І.С. Тургенева.
Пасля афіцыйнай часткі госці адправіліся на экскурсію па ўніверсітэце, якую правяла загадчык музея гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы Святлана Мардзечка. А пасля для іх правялі экскурсію па горадзе Гродна.