18 лютага ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшла дыялогавая пляцоўка «Нарказбыт. Час спыніцца», арганізаваная спецыялістамі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўпраўлення па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ўніверсітэта. Мерапрыемства было арганізавана з мэтай прафілактыкі наркаманіі і папярэджання злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў у маладзежным асяроддзі.
Перад студэнтамі выступілі намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Гродзенскага аблвыканкама Ігар Агейчык і псіхолаг установы аховы здароўя «ГОКЦ «Псіхіятрыя-наркалогія» Андрэй Высоцкі.
Ігар Вітальевіч расказаў аб адказнасці, якая прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, за набыцце, захоўванне і распаўсюджванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў.
Псіхолаг Андрэй Высоцкі закрануў тэму незваротнага ўплыву псіхаактыўных рэчываў на арганізм чалавека. Эксперт падрабязна апісаў механізмы разбурэння чалавечага цела, да якіх прыводзіць ужыванне наркотыкаў.
Дыялогавая пляцоўка прайшла ў фармаце жывога дыялогу. Удзельнікі сустрэчы атрымалі магчымасць задаць пытанні і атрымаць на іх разгорнутыя адказы.