У рамках рэалізацыі праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё» факультэт мастацтваў і дызайну прапануе выставу студэнцкіх работ «Матывы Гродна». Экспазіцыя ўключае 73 работы студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «Мастацкая адукацыя», выкананыя падчас азнаямленчай практыкі.
Практыка ў студэнтаў праходзіла ў некалькі этапаў: «Падрыхтоўчы (планаванне і арганізацыя)», «Вывучэнне», «Творчасць» і «Прэзентацыя». Студэнты, якія прадставілі свае работы, у асноўным іншагароднія, таму гэта стала для іх магчымасцю пазнаёміцца з архітэктурай і гісторыяй горада Гродна. У выніку выстава паказвае горад як цэнтр з багатай спадчынай, які дынамічна развіваецца і цікавы для жыхароў і гасцей.
Работы выкананы ў разнастайных тэхніках: графітны і каляровы алоўкі, вугаль, сангіна, сэпія, пастэль; акварэль, туш і пяро; маркеры, лайнеры, змешаная тэхніка і аплікацыя.
У якасці крыніц натхнення студэнты даследавалі ключавыя архітэктурныя і мемарыяльныя аб’екты Гродна: Свята-Барыса-Глебская (Каложская) царква, Стары і Новы замкі, вуліца Карла Маркса, парк Жылібера, плошчы Леніна і Тызенгаўза, вуліца Ажэшкі. Аўтары імкнуліся перадаць характэрныя рысы рэнесансу, барока, ракако і класіцызму, адлюстраваныя ў абліччы горада.
Азнаёміцца з выставай можна ў корпусе факультэта мастацтваў і дызайну па адрасе: вул. Дзяржынскага, 28, аўд. 2.