
З 20 па 22 студзеня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыеэлектронікі прайшла III Школа маладога навукоўца. Мерапрыемства згуртавала больш за 300 магістрантаў, аспірантаў і пачынаючых даследчыкаў з усей краіны, у тым ліку і прадстаўнікоў Купалаўскага ўніверсітэта.
Ганаровымі гасцямі мерапрыемства выступілі Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш, начальнік упраўлення Міжнароднай навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Сяргей Шуба, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Валерый Ганчароў, старшыня Навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў Аляксей Дайнека, намеснік начальніка сакратарыята назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій Дзмітрый Ліхачэўскі і старшыня Савета маладых навукоўцаў пры Міністэрстве адукацыі Беларусі Аляксей Рагінскі.
Пачалася праграма мерапрыемства з панэльнай дыскусіі «Будучыня навукі і тэхналогій Беларусі». У межах дыскусіі эксперты абмеркавалі ролю міждысцыплінарнасці, фінансаванне даследаванняў і кар'еру вучонага ў сучасных рэаліях.
Праграма Школы на працягу трох дзен была разнастайнай. Удзельнікі наведалі майстар-класы, дыскусіі і семінары, а таксама сустрэчы з гуру беларускай навукі, якія былі гатовыя падзяліцца з удзельнікамі сваім прафесійным вопытам.
Ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў працы Школы прынялі ўдзел аспірантка 1 курса філалагічнага факультэта Аляксандра Лейко, магістрант 1 курса факультэта эканомікі і кіравання Геральд Каравацкі і магістрант 2 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Ягор Розмысл.
Дадзенае мерапрыемства прадставіла маладым навукоўцам унікальную магчымасць атрымаць новыя веды і намеціць крокі для рэалізацыі сваіх праектаў.