Штогод у апошнюю нядзелю студзеня Беларусь святкуе Дзень беларускай навукі – свята навукоўцаў, чые даследаванні дапамагаюць нашай краіне развівацца. Да гэтага важнага свята далучыўся і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
З 19 студзеня па 15 лютага ў філіялах навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта штодня з 9:00 да 17:00 будзе працаваць выстава навуковых выданняў навукоўцаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Экспазіцыі разгарнуліся ў дзевяці лакацыях: у галоўным корпусе ўніверсітэта і васьмі філіялах навуковай бібліятэкі на факультэтах. Як адзначыў дырэктар бібліятэкі Мікалай Грынько, кожная выстава мае сваю тэму:
– Выставы працуюць у галоўным корпусе ўніверсітэта, а таксама ва ўсіх бібліятэках факультэтаў. І калі ў галоўным корпусе мы робім універсальную выставу, прысвечаную не толькі нашым выкладчыкам, але ўвогуле беларускай навуцы і дасягненням у навуковай і іннавацыйнай дзейнасці нашай краіны, то на філіялах у гэтым годзе мы звярнулі ўвагу якраз на даследаванні нашых выкладчыкаў.
Галоўнай мэтай мерапрыемства стала папулярызацыя навукі, развіцце цікавасці ў студэнтаў да навуковай дзейнасці, а таксама знаемства купалаўцаў з навуковымі дасягненнямі іх выкладчыкаў.
Асаблівай падзеяй святкавання Дня беларускай навукі ў Купалаўскім універсітэце стане выстава, якая пройдзе 28 студзеня ў РУП «ВНВЦ «Тэхналаб». Там будуць прадстаўлены больш за 40 друкаваных навуковых зборнікаў універсітэта, а таксама QR-коды на іх электронныя версіі, каб кожны жадаючы змог азнаеміцца з імі.