20 лістапада члены Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» на чале са старшынёй Людмілай Кебіч наведалі выставу «Бацькаўшчына светлая мая», якая працуе на базе навуковай бібліятэкі Купалаўскага ўніверсітэта.
Дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалай Грынько правёў экскурсію па выставе, прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Мікалай Уладзіміравіч расказаў аб творах і аўтарах і падкрэсліў, што выстава з’яўляецца сумесным праектам Купалаўскага ўніверсітэта і Гімназіі № 5 імя У.С. Караткевіча г. Гродна, на базе якой працуюць філіялы кафедр выяўленчага і музычнага мастацтва.
Асобная ўвага была звернута на кніжную выставу «Быў. Ёсць. Буду», сярод выданняў – поўныя зборы твораў класіка, кніга, дзе ўпершыню надрукаваны празаічны твор пісьменніка, прыжыццёвыя выданні і іншыя. Адметным быў зварот да зборніка паэзіі «Мая Іліяда», на якім знаходзіцца дарчы аўтограф аўтара падчас сустрэчы са студэнтамі. Акрамя таго, быў прадэманстраваны фрагмент відэазапісу з 50-гадовага юбілею класіка, дзякуючы чаму наведвальнікі выставы змаглі пачуць словы-наказ вялікага беларускага пісьменніка.
У завяршэнні сустрэчы паэтэса Таццяна Яцук падарыла бібліятэцы Купалаўскага ўніверсітэта свае апошнія зборнікі паэзіі, якія ўжо чакаюць свайго чытача!