Версия для печати
Суббота, 13 мая 2023 11:30

Гарадскую гісторыка-краязнаўчую гульню «Мой Гродна» правёў Купалаўскі ўніверсітэт па цэнтральных вуліцах Гродна

IMG 490611 мая адбылася ІІІ гарадская краязнаўчая гульня «МОЙ ГРОДНА». У гульне прынялі ўдзел каманды з 10 школ горада Гродна.

Каманды старшакласнікаў на працягу 2 гадзін перамяшчаліся па гістарычным цэнтры горада. У кожнай з кропак іх чакалі студэнты-валанцёры − яны задавалі школьнікам пытанні, звязаныя з гісторыяй і традыцыямі Гродзеншчыны. Пасля такога квэсту адбыўся конкурс капітанаў каманд, які правёў вядомы краязнаўца Гродна Ігар Лапеха – стваральнік гарадскога музея «Гродна–міні».

Па выніках гарадской гісторыка-краязнаўчай гульні «Мой Гродна» пераможцам стала каманда старшакласнікаў гімназіі №1 імя акадэміка Я.Ф. Карскага. На другім месцы − каманда гімназіі №9 імя Ф.П. Кірычэнкі. Трэцяе месца занялі вучні ліцэя №1 імя акадэміка Ю.М. Астроўскага. Прыз пераможцам – турыстычная вандроўка па Гродзеншчыне.

Ініцыятарамі правядзення займальнай гарадской падзеі выступіў прафкам студэнтаў і кафедра турызму і культурнай спадчыны ГрДУ імя Янкі Купалы. У якасці асновы для мерапрыемства арганізатары ўзялі канцэпцыю гульні, распрацаваную метадыстам гродзенскага Палаца творчасці дзяцей і моладзі Таццянай Еўдакімавай − гульня больш за 20 гадоў праводзілася сярод гродзенскіх школьнікаў, а затым спыніла свае існаванне. Адрадзіць добрую гісторыка-культурную традыцыю вырашыў Купалаўскі ўніверсітэт.