Версия для печати
Понедельник, 06 июня 2022 11:29

У ГрДУ імя Янкі Купалы прайшоў конкурс літаратурных эсэ “Мой Янка Купала”

photo 2022 06 06 11 40 13У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працягваюцца юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Адно з іх – конкурс літаратурных эсэ “Мой Янка Купала” – было ініцыявана кафедрай беларускай філалогіі. Конкурс праводзіўся на працягу месяца.

Студэнты розных факультэтаў напісалі цудоўныя радкі, прысвечаныя нацыянальнаму класіку. Як расказалі арганізатары конкурса, юныя купалаўцы не толькі глыбока ведаюць асобу беларускага песняра і яго творы, але і ганарацца тым, што вучацца ва ўніверсітэце, які носіць імя Янкі Купалы і мае ўнікальную гісторыю. У сваіх эсэ юнакі і дзяўчаты сцвярджаюць, што “Купала жыве сярод нас, у нашых думках і сэрцах, і будзе жыць, пакуль пра яго памятаюць беларусы, а асабліва мы – купалаўцы!” Студэнты ўпэўнены ў тым, што “не адно пакаленне выгадуецца на Купалавых словах”, бо “час не мае над імі ўлады”.

Удзельнікі конкурса сабраліся каля помніка Янку Купалу на другім паверсе галоўнага корпуса, дзе прарэктар па выхаваўчай працы Васіль Сянько ўручыў дыпломы пераможцам, сярод якіх – будучыя матэматыкі, юрысты, псіхолагі, філолагі і іншыя. Васіль Васільевіч адзначыў, што смакаваць творы песняра павінен кожны студэнт, бо праз іх мы дакранаемся да роднай мовы, такой цудоўнай, мілагучнай і пявучай. 

“Мой Янка Купала” – гэта шчырая размова Купалы  праз стагоддзе з юнымі купалаўцамі, да якіх творца звяртаўся так паэтычна і ганарова: “Мілая моладзь, слаўная моладзь нашай бязмежнай краіны!”