Версия для печати
Четверг, 24 июня 2021 19:49

Міжнародная навуковая канферэнцыя “Германская агрэсія супраць СССР (да 80-годдзя трагедыі пачатку Вялікай Айчыннай вайны)” праходзіць у ГрДУ імя Янкі Купалы (ДАДАДЗЕНА ВІДЭА)

IMG 0174Навуковы форум згуртаваў больш за 50 навукоўцаў і экспертаў у галіне гісторыі не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з Расіі, Таджыкістана і Францыі. Мерапрыемства праходзіць у афлайн і анлайн-фарматах. Дзяліцца сваімі думкамі і навуковымі знаходкамі аматары гісторыі будуць на працягу двух дзён – 24 і 25 чэрвеня.

Месца і час правядзення канферэнцыі былі выбраны не выпадкова: пад горадам Гродна 24-25 чэрвеня 1941 года была праведзена спецыяльная аперацыя па абароне, якая дазволіла замарудзіць наступленне ворага.

Подзвіг беларускага народа падчас абароны і вызвалення акупаваных тэрыторый – менавіта такім стала асноўнае праблемнае поле навуковых дыскусій удзельнікаў канферэнцыі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Інстытут падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі.

Удзельнікаў канферэнцыі віталі старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік Уладзімір Гусакоў, рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, першы намеснік старшыні Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Юрый Луцік, старшыня Гродзенскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Іван Тустаў і дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза.

Пленарнае пасяджэнне, якое пачалося з прагляду фільма на тэму канферэнцыі, было пранізана атмасферай гонару і адначасова болю.

– Раніцай 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. У першыя гадзіны вайны савецкія байцы мужна стрымлівалі шалёны націск захопнікаў, насмерць стаялі пагранічнікі 86-га Аўгустоўскага і 17-га Брэсцкага атрадаў… – так кранальна пачыналася прывітальнае слова старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Уладзіміра Гусакова. Ён адзначыў важнасць і своечасовасць даследавання тэмы вайны і пажадаў удзельнікам канферэнцыі плённай працы і навуковых адкрыццяў у адстойванні аб’ектыўнага асвятлення трагічных і гераічных падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Канферэнцыя – гэта адно з мерапрыемстваў, прымеркаванах да трагічнай падзеі ў гісторыі нашай краіны, – адзначыла ў сваім звароце рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. – Гродзенская зямля 80 год таму адна з першых як памежная тэрыторыя прыняла ўдар германскай агрэсіі. Вораг разлічыў усё: выбраў для нападзення самую кароткую ноч, выхадны дзень – нядзелю, сканцэнтраваў магутныя сілы і нанёс кропкавыя ўдары па самых важных аб’ектах. І толькі методыкі разліку мужнасці і патрыятызму не было ў ворага. 

Ірына Фёдараўна нагадала, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы са свайго першага набору – 100 студэнтаў – страціў на вайне амаль усіх, толькі адзін студэнт выжыў. Яна падкрэсліла, што сёння задача навукоўцаў – ушанаваць герояў і не даць перапісаць гісторыю вайны. 

На неабходнасць захавання гістарычнай праўды скіраваў увагу і дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза:

На жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш і менш ветэранаў, якія стаялі ў той час на варце нашай краіны, змагаліся за мірную будучыню і не дазвалялі, каб была перапісана гісторыя. І абавязак навукоўцаў,  выкладчыкаў, моладзі – захаваць гістарычную праўду.

Пра захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне сказаў і старшыня Гродзенскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Іван Тустаў:

Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Гродне і прымеркаваны да гэтых падзеяў, - гэта даніна памяці і павагі тым, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Падчас пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі абмеркавалі шэраг тэм: палітыка памяці аб Вялікай Айчыннай вайне ў Рэспубліцы Беларусь: прававыя і ідэалагічныя аспекты; беларуская абарончая аперацыя 1941 года на старонках айчынных энцыклапедычных выданняў; фотаздымкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь; беларусы-ўдзельнікі Савецка-фінляндскай вайны, арганізатары партызанскага руху 1941-1942 гг.; метадалагічныя падыходы да разгляду дзейнасці германскіх акупацыйных улад у адносінах да падрастаючага пакалення Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Прагучаў даклад і старшага навуковага супрацоўніка Мемарыяльнага комплекса “Брэсцкая крэпасць-герой” пад назвай “Перажытае не выкрасліш з памяці”, які прысвечаны 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны і абароны Брэсцкай крэпасці.

Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі наведалі выставу аб пачатку і вядзенні Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі.

Праца прадоўжылася ў межах секцый “Трагедыя, гераізм, памяць” і “Спадчына Подзвіга”. У другі дзень для ўдзельнікаў канферэнцыі будзе арганізавана экскурсія па маршруце важнейшых ваенных кропак у межах Гродзенскага раёна.