Версия для печати
Среда, 05 сентября 2018 17:36

У ГрДУ імя Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Малой радзіме прысвячаецца”

IMG 0185Усяго ў экспазіцыі выставы прадстаўлена 37 работ, створаных студэнтамі факультэта мастацтваў і дызайну. Фотаздымкі аб’яднала тэма малой радзімы.

Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адкрыла мерапрыемства і адзначыла актуальнасць выставы ў межах Года малой радзімы:

– Вельмі прыемна, што наш ўніверсітэт ужо мае добрую традыцыю: пачатак новага навучальнага года адкрываць цудоўнай справай, якая фарміруе ідэю ўніверсітэта-музея. Сэрца замірае, калі думаеш, чаму прысвечана гэтая фотавыстава. Малая радзіма для нас – гэта не месца. Малая радзіма – гэта эмоцыя. Гэта тая станоўчая эмоцыя, якая дазваляе нам успомніць цёплыя рукі матулі, моцныя рукі бацькі, першы пацалунак вашага каханага. Гэта тое месца, дзе вы атрымалі першую станоўчую адзнаку, дыплом, атэстат. Для мяне малая радзіма – гэта абсалютна комплекснае ўяўленне. Гэта і наш універсітэт, таму што трыццаць гадоў майго жыцця звязаныя з нашым універсітэтам. Малая радзіма для мяне – гэта тое месца, дзе я была два ці тры разы, але пра якое мне яскрава расказвала мая бабуля. Вельмі важна адчуваць не тое, што я тут, а малая радзіма недзе там, а нягледзечы на тое, што я тут, малая радзіма – у маім сэрцы.

Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што за Год малой радзімы ўніверсітэт дасягнуў вялікіх поспехаў у сферы папулярызацыі тэмы малой радзімы. Сярод іх – стварэнне алеі выпускнікоў купалаўскага ўніверсітэта, турыстычны конкурс “Я запрашаю вас на малую радзіму”, у якім прымалі ўдзел і вучні школ. Рэктар адзначыла, што Год малой радзімы ў ГрДУ імя Янкі Купалы будзе працягвацца, у сувязі з чым абвясціла пра ідэю рэалізацыі відэапраекта, прысвечанага малой радзіме, прыняць удзел у якім запрасіла выкладчыкаў і студэнтаў.

Да гасцей мерапрыемства звярнуўся і загадчык кафедры дызайна Антон Ляшчынскі:

Тэма малой радзімы ў мастацтве працягваецца стагоддзямі. Гэта вечная тэма і ў жывапісе, і ў графіцы, і ў выяўленчым мастацтве. У наш час інфармацыйных тэхналогій перад вачыма прабягаюць тысячы розных фотаздымкаў, таму і вельмі важна паказваць сапраўднае фотамайстэрства.

Антон Антонавіч падзякаваў кіраўніцтву ўніверсітэта за тое, што ў студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну ёсць магчымасць навучацца фотамайстэрству, а іншыя студэнты і выкладчыкі могуць убачыць гэтыя працы.

Словы адданасці малой радзіме таксама выказалі студэнткі факультэта мастацтваў і дызайну і філалагічнага факультэта. Дзяўчаты прачыталі аўтарскія эсэ і вершы, прысвечаныя тэме радзімы.

Па словах арганізатараў, мэтай выставы стала фарміраванне грамадзянска-патрыятычных адносін і адчування дачынення да сям’і, горада, краіны, прыроды роднага краю і культурнай спадчыны свайго народа.