Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 17 Красавік 2026 08:35

У Купалаўскім універсітэце стартаваў фінал VIII Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу "Медыясфера-2026"

IMG 0709На працягу двух дзён, з 16 па 17 красавіка, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пройдзе фестываль-конкурс "Медыясфера-2026". Сёння на фестываль прыехалі навучэнцы і студэнты з Гродзенскай, Мінскай, Брэсцкай, Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей.

Рэспубліканскі маладзёжны фестываль-конкурс "Медыясфера-2026" праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза журналістаў і Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Мэтай мерапрыемства, як адзначыла загадчык кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Іна Мінчук, з'яўляецца магчымасць і неабходнасць "пачуць ад моладзі прапановы па развіццю беларускай маладзёжнай журналістыкі".

З прывітальным словам да прысутных на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю-конкурсу "Медыясфера-2026" звярнуўся прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Васілій Сянько.

Мы кажам, што фестываль-конкурс восьмы па ліку, але насамрэч яго гісторыя значна глыбейшая і больш працяглая. З 2010 года фестываль-конкурс праводзіўся як універсітэцкае мерапрыемства, потым як гарадское, раённае, абласное, а з 2018 года нас падтрымала Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і павысіла статус да рэспубліканскага, - адзначыў Васілій Васільевіч. – За ўвесь гэты час у «Медыясферы» прынялі ўдзел больш за паўтары тысячы маладых даследчыкаў. Яна стала пляцоўкай, дзе сустракаюцца таленавітыя маладыя людзі, педагогі і прафесіяналы. Абменьваюцца сваімі ідэямі і досведам працы.

Да ўдзельнікаў таксама звярнуўся намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Яўгеній Леўшык.

- У першую чаргу хацелася б выказаць словы падзякі ўсім арганізатарам, перш за ўсё кіраўніцтву ўніверсітэта за гэтую ініцыятыву і шматгадовую падтрымку. Для нас гэта выдатная магчымасць пачуць і ўбачыць моладзь, а таксама разам вызначыць вектары развіцця айчынных медыя, - падкрэсліў Яўгеній Іванавіч. – Мы бачым, што цікавасць моладзі да дадзенага мерапрыемства даволі высокая. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас ёсць перспектыўныя кропкі росту.

Іх 300 прадстаўленых праектаў у фінал выйшлі 70, іх аўтары - 140 творчых маладых людзей - запрошаны ў Купалаўскі ўніверсітэт. Сёлета тэматыка работ прымеркавана да некалькіх сімвалічных падзей: Года беларускай жанчыны, пяцігодкі якасці і трагічнай даты - 86 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Для ўдзелу ў фестывалі было пададзена больш за 300 заявак. З іх 75 праектаў для электронных СМІ, 78 фотапраектаў, 52 праекты для друкаваных СМІ, 54 інтэрнет-праекты, а таксама 43 праекты, створаныя пры дапамозе штучнага інтэлекту.

Упершыню ў гісторыі "Медыясферы" ўдзельнікі могуць прадставіць праекты, створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту. Аднак для экспертаў важна не толькі "што" створана, але і "як". Іна Мінчук, загадчык кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы, адзначыла, што новая намінацыя - гэта пляцоўка для сумеснага пошуку сэнсаў.

- У гэтым годзе з'явілася намінацыя «ШІ праект». Гэта праект, зроблены з дапамогай штучнага інтэлекту, і наша галоўная задача - паглядзець і абмеркаваць разам з рабятамі тое, што яны робяць і пад кіраўніцтвам членаў журы, пры непасрэдным абмеркаванні, расставіць акцэнты. Мы выдатна разумеем, што моладзь выкарыстоўвае штучны інтэлект, але вельмі важна, каб яны рабілі гэта свядома, - падкрэсліла Іна Іванаўна.

Праграма VIII Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу "Медыясфера-2026" насычаная і разнастайная. Сёння, 16 красавіка, аўтары праектаў пазнаёмяцца з нашым універсітэтам, абмяркуюць конкурсныя работы з членамі журы, у склад якіх увайшлі сапраўдныя прафесіяналы: прадстаўнікі інфармацыйнага агенцтва "БелТА", выдавецкага дома "Беларусь сёння", тэлерадыёвяшчальнага канала "Гродна Плюс", а таксама прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і выкладчыкі кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы.

Пасля размовы з журы творчая моладзь аб'яднаецца ў каманды і пачне работу над вырашэннем праектнай задачы, якую аргкамітэт фестывалю распрацаваў сумесна з Беларускім саюзам журналістаў. Праца пройдзе ў фармаце творчага спрынту. Фіналістам фестывалю за абмежаваны час трэба распрацаваць і падрыхтаваць сумесныя медыяпраекты, а затым прадставіць іх на суд журы 17 красавіка. Варта адзначыць, што падчас творчага спрынту адбудзецца розыгрыш падарункавых боксаў ад партнёраў фестывалю.

Кіраўнікі творчых каманд, якія таксама запрошаны на фестываль-конкурс, наведаюць Сярэднюю школу №40 імя В.І. Крамко г. Гродна, дзе для іх арганізаваны метадычны семінар "Школьны медыяцэнтр ва ўмовах лічбавай трансфармацыі".

Ужо заўтра, 17 красавіка, будзе арганізаваны адкрыты дыялог творчай моладзі і прадстаўнікоў прафесійнай журналісцкай супольнасці рэгіёна і рэспублікі на тэму "Не проста гледачы: маладзёжныя ініцыятывы як драйвер лічбавай трансфармацыі беларускай журналістыкі". Удзельнікі абмяркуюць сучасную беларускую маладзёжную журналістыку, прынцыпы працы ў сацыяльных медыя і этычныя аспекты выкарыстання штучнага інтэлекту пры стварэнні кантэнту для масмедыя. Завершыцца фестывальны дзень цырымоніяй узнагароджання фіналістаў VIII Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу "Медыясфера-2026".

Адна з унікальных рыс фестывалю-конкурсу - здольнасць гадаваць кадры. Лепшыя ўдзельнікі мінулых гадоў вяртаюцца ў праект, але ўжо ў новым статусе - у якасці экспертаў. Адным з іх з'яўляецца Дзіяна Сцяпанава, чый фотапраект у 2021 годзе стаў лепшым.

«Медыясфера» – гэта плацдарм фармавання прафесійных кампетэнцый удзельнікаў. Я, будучы студэнткай, заўсёды брала ўдзел у гэтым конкурсе, была прызёрам, пераможцам і цяпер, будучы членам журы, ужо прафесіяналам, спецыялістам у сваёй сферы, мне хвалююча ацэньваць работы і хочацца кожны раз падкрэсліць, нешта новае, убачыць "разынку" ў працах удзельнікаў. Я ўжо не першы год выступаю ў ролі члена журы і хачу сказаць, працы розныя. Працы становяцца мацнейшымі, – падзялілася Дыяна Дзянісаўна. - У 2021 годзе я стала пераможцам у намінацыі «Фотапраект». Праект быў прысвечаны людзям, якія працуюць на заводзе. Сутнасць была ў тым, каб адлюстраваць іх эмоцыі. Каларыт дадавала тое, што фатаграфіі былі чорна-белымі. На фоне гэтага кантрасту была таксама ідэя па-мастацку паказаць, што за мімікай чалавека стаіць складаная і цяжкая праца.

Да таго ж, проста на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця быў дадзены афіцыйны старт новаму інтэрнэт-праекту «Радыё «Купалаўская хваля».

Нагадваем, што падрыхтоўка да фестывалю-конкурсу вялася на самым высокім узроўні. 14 красавіка ў Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася вялікая канферэнцыя. Арганізатары і члены журы "Медыясферы-2026" сустрэліся з журналістамі вядучых СМІ краіны, каб прыадкрыць заслону таямніцы над праграмай фестывалю і адказаць на актуальныя пытанні аб будучыні маладзёжнай журналістыкі ў Беларусі.