Тэма акцыі гэтага года - "Музеі, якія аб'ядноўваюць падзелены свет". У рамках яе музей будзе паказаны не толькі як месца захоўвання памяці аб мінулым, а як мост паміж людзьмі розных пакаленняў, поглядаў і захапленняў. Купалаўскі ўніверсітэт таксама падтрымае гэтую канцэпцыю.
Праграма "Ноч музеяў" у ГрДУ імя Янкі Купалы будзе напоўнена падарожжамі ў мінулае, культурай і мастацтвам. Гасцей мерапрыемства чакае інтэлектуальная гульня "МУЗЕЕМАНІЯ", якая праверыць веды ўдзельнікаў аб вядучых музеях свету, музеях Рэспублікі Беларусь і Музеі ГрДУ імя Янкі Купалы. Таксама ўдзельнікаў свята чакае экскурсія-віктарына “Там стаіць пад іменем Купалы…”, прысвечаная гісторыі развіцця Купалаўскага ўніверсітэта, і купалаўскі лекторый-віктарына “Славутыя жанчыны Беларусі”. Кожны жадаючы зможа паспрабаваць сябе ў ролі дэтэктыва, прыняўшы ўдзел у пошуку зніклага артэфакта з Музея гісторыі развіцця ГрДУ імя Янкі Купалы.
Апроч інтэлектуальных спаборніцтваў, гасцей чакаюць яркія культурныя мерапрыемствы. У рамках свята адбудзецца адкрыццё выставы ваз з калекцыі сям'і прафесара Віктара Таранцея "Усходняя казка", выставы аўтарскіх лялек студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну "ЛЯЛЬКАВОБРАЗ" і выставы рэтра-паштовак "Гісторыя сям'і ў паштоўках савецкай эпохі". Для пагружэння ў савецкую эпоху гасцям свята пакажуць мастацкі рэтра-фільм "Вясёлыя рабяты". Таксама яны змогуць весела правесці час: патанцаваць на пляцы ўніверсітэцкага сцяга пад песні 1940–1980-х гадоў і пагуляць у настольныя гульні.
Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у яркім і займальным начным свяце!

