Інфармацыйна-прапагандысцкае мерапрыемства для супрацоўнікаў універсітэта адбылося 16 красавіка.
Першая і галоўная тэма парадку дня – «Чарнобыль: ад адраджэння да ўстойлівага развіцця». З дакладам выступіла прафесар кафедры агульнай фізікі, дацэнт, доктар фізіка-матэматычных навук ГрДУ імя Янкі Купалы Наталля Валько.
Нагадаем, 26 красавіка 2026 года спаўняецца 40 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая стала найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі атамнай энергетыкі. З таго часу наша краіна штогод 26 красавіка адзначае Міжнародны дзень памяці аб чарнобыльскай катастрофе і вядзе актыўную работу па сацыяльна-эканамічным развіцці тэрыторый, вяртаючы іх да нармальнага жыцця.
Падчас свайго выступу спікер расказала пра асаблівасці і прынцып працы ЧАЭС, а таксама пра дзяржаўную палітыку, якая праводзіцца і скіравана на зніжэнне радыяцыйнай рызыкі для здароўя людзей, гарантаванне бяспекі іх жыццядзейнасці. Так, ужо рэалізавана шэсць дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў аварыі і сацыяльна-эканамічным развіцці пацярпелых рэгіёнаў. На дадзены момант дзейнічае Дзяржаўная праграма «Інфраструктура бяспекі насельніцтва» на 2026-2030 гады.
Наталля Валько адзначыла, што з моманту аварыі на ЧАЭС плошча тэрыторыі краіны, забруджанай цэзіем-137, у выніку яго радыеактыўнага распаду зменшылася ў 1,8 раза, а плошча забруджвання стронцыем-90 скарацілася амаль у 1,9 раза. Дзякуючы мерам, што прымаюцца дзяржавай, з 1993 года вернута ў сельскагаспадарчае выкарыстанне 20,5 тыс. га зямель у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях са строгім радыялагічным кантролем якасці прадукцыі. Працуе больш за 500 лабараторый і пастоў для маніторынгу стану глеб, раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі, а таксама прадукцыі, якая рэалізуецца на рынках. Праводзіцца радыяцыйнае абследаванне лясных масіваў, якія найбольш наведваюцца людзьмі, у мэтах вызначэння месцаў, дзе збор ягад і грыбоў забаронены. Сетка радыяцыйнага маніторынгу ўключае 120 пунктаў назіранняў, у тым ліку 43 пункты – за атмасферным паветрам, 52 – за глебай, 19 – за павярхоўнымі і 6 – за падземнымі водамі.
Дакладчык падкрэсліла, што ў Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца сістэма мер па сацыяльнай абароне пацярпелага насельніцтва, якая ўключае прадастаўленне розных ільгот і кампенсацый, бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне і іншыя. Работы, накіраваныя на забеспячэнне адраджэння і ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, будуць працягвацца.
Акрамя таго, Наталля Георгіеўна расказала аб тым, што цяперашняя БелАЭС, аснашчаная шматузроўневай сістэмай бяспекі, выпрацоўвае каля 40 працэнтаў усёй электраэнергіі краіны, што дало магчымасць поўнасцю адмовіцца ад яе імпарту і скараціць выкіды парніковых газаў. Беларусь забяспечыла сябе надзейнай крыніцай экалагічна чыстай і даступнай энергіі на дзесяцігоддзі наперад, пры гэтым зрабіўшы яе даступнай для насельніцтва. Наша краіна ўваходзіць у тройку еўрапейскіх дзяржаў з самымі нізкімі коштамі на электраэнергію.
Другое пытанне парадку дня адзінага інфармавання датычылася мер прафілактыкі злачынстваў, звязаных з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, у тым ліку вымагальніцтваў і махлярстваў. У якасці спікера выступіў прарэктар па бяспецы і кадрах ГрДУ імя Янкі Купалы Ігар Ціцянкоў. Ён адзначыў, што згодна са статыстыкай, следчымі падраздзяленнямі Гродзенскай вобласці ўзбуджана больш за 1970 крымінальных спраў аб кіберзлачынствах, што на 13 працэнтаў больш у параўнанні з 2024 годам. З іх больш за 97% – злачынствы аб крадзяжы грашовых сродкаў. Дакладчык адзначыў найбольш распаўсюджаныя схемы і спосабы, якія выкарыстоўваюць злачынцы для крадзяжу грашовых сродкаў у сетцы Інтэрнэт, у ліку якіх тэлефонныя званкі ў месэнджарах ад работнікаў банкаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, работнікаў аператараў сотавай сувязі і іншых арганізацый; фэйкавыя інтэрнэт-біржы і ўдзел у фэйкавых інвест-праектах; фэйкавыя інтэрнэт-крамы па продажы тавараў; фішынг; інтэрнэт-вымагальніцтва; «фэйк-бос». Ён заклікаў калектыў купалаўцаў да пільнасці і крытычнага стаўлення да падазронай інфармацыі.
Таксама праектар па бяспецы і кадрах Ігар Ціцянкоў удзяліў увагу палам сухой расліннасці, абачліваму адпачынку на прыродзе і інфармацыйнай кампаніі аб неабходнасці ўстаноўкі і своечасовага абслугоўвання аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.
Запрошанымі гасцямі на адзіны дзень інфармавання сталі намеснік начальніка абласнога ўпраўлення ФСАН Інга Кавалевіч, якая дала растлумачэнні па пытаннях прафесійнага пенсіённага страхавання і напрацоўцы страхавога стажу для назначэння пенсій, а таксама фінансавы кансультант Рэспубліканскага унітарнага страхавога прадпрыемства «Стравіта» Алена Лямцава, якая падрабязна прадставіла купалаўцам магчымасці дадатковага пенсійнага страхавання.