27 сакавіка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пройдзе IХ Адкрыты фестываль "Наўруз Байрам". Наўруз - старажытнае свята вясны і наступлення новага года па сонечным календары.
У праграме: інтэрактыўная пляцоўка "Усходні базарчык", дзе ўдзельнікаў будуць частаваць пахлавай, самсой, аладкай, пахкай гарбатай з мёдам і спецыямі, свежай выпечкай і прысмакамі, а таксама пройдзе дэгустацыя некаторых страў. Частаваць замежныя студэнты будуць і духоўнай ежай, ахвотныя змогуць пазнаёміцца з прыказкамі, афарызмамі і традыцыйнымі настаўленнямі розных народаў Усходу, а для настрою ў нацыянальных касцюмах будуць прадстаўлены танцы і песні.
Акрамя таго, запланавана выстава-кірмаш "Калейдаскоп творчасці", на якой замежныя студэнты з Кітая, Венесуэлы, Расіі, Туркменістана прадставяць свае нацыянальныя кухні. Асаблівасцю стане экспазіцыя нацыянальных строяў Туркменістана і прэзентацыя вясельнай традыцыі гэтай краіны. У галерэі "Universum" пройдзе танцавальны флэшмоб, а завершыцца свята канцэртам мастацкай самадзейнасці, на якім замежныя студэнты прадставяць свае нумары.
Мерапрыемства будзе праходзіць у галоўным корпусе Купалаўскага ўніверсітэта ў холе другога паверха. Пачатак у 11.00.