Сёння, 2 лютага, у ГрДУ імя Янкі Купалы пачалося навучанне па адукацыйнай праграме павышэння кваліфікацыі, накіраванай на развіццё навыкаў метанавучання ў супрацоўнікаў ВНУ. Заняткі праводзяць выкладчыкі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.
Перад пачаткам занятку прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Васіль Сянько звярнуўся да ўдзельнікаў з прывітальным словам і пажадаў плённай працы.
Метанавучанне праводзіцца з мэтай пошуку аптымальных і эфектыўных спосабаў самаадукацыі і самаразвіцця. Навучальная праграма складаецца з трох модуляў. Першы модуль «Метанавучанне і метакампетэнтнасць» прысвечаны раскрыццю паняцця метанавучання; індывідуалізацыі, персаналізацыі і кантэкстуалізацыі навучання, а таксама ўключае пытанні сацыяльна-псіхалагічных асаблівасцей сучасных студэнтаў; метакампетэнтнасці і метадаў метапазнання. Другі модуль «Дызайн метанавучання» прадугледжвае разгляд пытанняў аб развіцці агентнасці студэнтаў; педагагічнага і матывацыйнага дызайну метанавучання; умацавання псіхалагічнага дабрабыту студэнтаў. Трэці модуль «Лічбавізацыя і метанавучанне» ўключае ў сябе разгляд цыфравізацыі і лічбавай трансфармацыі адукацыі; тэхналогій змешанага і дыстанцыйнага навучання; тэхналогій штучнага інтэлекту ў адукацыі.