13 студзеня ў Беларусі стартаваў другі этап рэпетыцыйнага цэнтралізаванага іспыту, які працягнецца да 19 лютага. Купалаўскі ўніверсітэт традыцыйна стаў адной з асноўных пляцовак для правядзення РЦЭ.
Навучэнцы 11 класаў устаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна горада Гродна маюць магчымасць прайсці тэсціраванне ў шасці карпусах Купалаўскага ўніверсітэта. Прайсці РЦЭ можна было па наступных прадметах: руская і беларуская мова, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, замежныя мовы, грамадазнаўства і гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі.
Наталля Кранцэвіч, начальнік аддзела тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі адзначыла, што РЦЭ прайшло на высокім узроўні.
- Усе абітурыенты прыбылі арганізавана, у адпаведнасці з тымі правіламі, якія ўстаноўлены для праходжання гэтай формы кантролю, - адзначыла Наталля Міхайлаўна.
Як паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс», у горадзе Гродна РЦЭ здаюць 2861 навучэнцаў, з якіх 1731 прайшлі тэсціраванне на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Акрамя таго, РЦЭ паспяхова прайшлі 416 навучэнцаў на базе Лідскага каледжа УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" і 399 навучэнцаў у Ваўкавыскім каледжы УА "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы".