Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 26 Красавік 2024 11:21

Майстры слова: у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшоў конкурс «Цыцэроній-2024»

IMG 1715У конкурсе аратарскага майстэрства штогод прымаюць удзел студэнты і слухачы Купалаўскага ўніверсітэта, у тым ліку замежныя грамадзяне.

Учора, 25 красавіка, купалаўцы спаборнічалі ў мастацтве красамоўства, спрабуючы зрабіць уражанне на журы і гледачоў сваімі лаканічнымі і выразнымі прамовамі.

Задача конкурсу аратарскага мастацтва – выявіць сярод студэнтаў найбольш яркіх майстроў слова, якія валодаюць уменнямі публічна выступаць на зададзеную тэму і канструктыўна адстойваць свае погляды. Конкурс праводзіцца з мэтай павышэння ўзроўню камунікатыўнай культуры студэнцкай моладзі.

Удзельнікі доўга рыхтаваліся да конкурсу, вывучаючы класічныя творы і трэніруючыся перад люстэркам. Ім даводзілася не толькі адпрацоўваць дыкцыю, але і пераканаўча выступаць перад студэнцкай аўдыторыяй.

Па выніках трох конкурсных іспытаў сярод навучэнцаў з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь пераможцамі сталі: Дыплом I ступені ў студэнткі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Карыны Місцюк. Дыплом II ступені падзялілі студэнт факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Мікіта Марчанка і студэнтка філалагічнага факультэта Ангеліна Янкелайць. Дыплом ІІІ ступені атрымаў студэнт юрыдычнага факультэта Дзямід Орда.

Сярод навучэнцаў з ліку замежных грамадзян прызавыя месцы занялі: студэнт юрыдычнага факультэта Курбонаў Бехруз Анвар Углі – Дыплом I ступені. Дыпломам ІІ ступені адзначаны аспірант факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Шуай Цзіньцзюнь. Дыплом III ступені заваяваў студэнт юрыдычнага факультэта Даніёраў Дылер Салім Углі.

Конкурс аратарскага майстэрства – адна з самых яркіх падзей у жыцці ўніверсітэта, якая аб'ядноўвае студэнтаў розных факультэтаў і культур, паказваючы, што мастацтва слова і пераканаўчасць прамовы заўсёды актуальная і запатрабаваная.

Канкурсанты адборачнага тура былі адзначаны дыпломамі і ўзнагароджаны памятнымі падарункамі. Віншуем і жадаем новых перамог!