Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 20 Красавік 2017 11:05

Упершыню ў ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіць міжнародная навукова-вучэбная школа па праграмаванні

4909 7Адукацыйны праект «Міжнародная навукова-вучэбная школа па праграмаванні «Мова R для вырашэння статыстычных задач і візуалізацыі» стартаваў 17 красавіка ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яго ўдзельнікамі сталі 53 прадстаўніка вышэйшых навучальных устаноў і навуковых арганізацый з Аўстрыі, Балгарыі, Беларусі, В'етнама, Сенегала і Украіны. Сярод іх прафесары, супрацоўнікі, аспіранты і студэнты.

– Наш універсітэт рэгулярна праводзіць падобныя школы. Іх дыяпазон даволі шырокі: пачынаючы ад развіцця ва ўдзельнікаў ІТ-кампетэнцый і заканчваючы вывучэннем рускай мовы. Дзякуючы такім праектах наш універсітэт наведалі госці з Японіі, Канады, Кітая, Індыі і краін Еўропы, - адзначыла першы прарэктар Ірына Кітурка і пажадала ўдзельнікам карыснага знаходжання, здабыцця новых кантактаў, якія паспрыяюць развіццю дзелавых адносінаў і станаўленню кар'еры.

Адкрываючы працу школы, дэкан факультэта эканомікі і кіравання Марына Карпіцкая падкрэсліла, што арганізацыя такога адукацыйнага праекта з'яўляецца вынікам міжнароднага супрацоўніцтва факультэта з вядучымі еўрапейскімі ўіверсітэтамі і элементам інтэграцыі ў сусветную адукацыйную прастору.

– Развіццё грамадства і інавацыйнай эканомікі ў свеце прывяло да фарміравання яе сучаснага этапу - эканомікі ведаў, заснаванай на IT- тэхналогіях, - падкрэсліла актуальнасць правядзення школы Марына Яўгеньеўна. - Працэс развіцця эканомікі ведаў змяняе ўмовы працы і патрабуе новага ўзроўню кампетэнцый. Трансфармацыйныя працэсы, звязаныя з эканомікай ведаў, прымушаюць ўрады розных краін надаваць вялікую ўвагу, як пытанням сістэмнай адукацыі, так і той інфраструктуры, якая забяспечвае перападрыхтоўку кадраў і навучанне на працягу ўсяго жыцця.

Арганізацыя такога адукацыйнага праекта як Міжнародная навукова-вучэбная школа «Мова R для вырашэння статыстычных задач і візуалізацыі» стала другім этапам рэалізацыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі TEMPUS «Прыкладная камп'ютарная апрацоўка дадзеных у інжынерыі і навуцы». Гэтая праграма прадугледжвае распрацоўку навучальных матэрыялаў па правядзенні статыстычных вылічэнняў і павышэнне прафесійных кампетэнцый будучых спецыялістаў. На першым этапе рэалізацыі TEMPUS на кафедры матэматычнага і інфармацыйнага забеспячэння эканамічных сістэм купалаўскага ўніверсітэта адкрылі практыка-арыентаваную магістарскую праграму па спецыяльнасці «Прыкладны камп'ютарны аналіз дадзеных».

Ідэю правядзення школы прапанавалі прадстаўнікі факультэта эканомікі і кіравання на адной з сустрэч удзельнікаў праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Іх ініцыятыву падтрымаў прафесар Піцер Фільцмозер з Венскага тэхнічнага ўніверсітэта (Аўстрыя). Госць распавёў, што вывучэнне мовы праграмавання R вельмі важна: менавіта ён у цяперашні час набірае папулярнасць і шырока выкарыстоўваецца ў такіх сусветных карпарацыях як Google і Microsoft.

Навукова-вучэбная школа ў сценах ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіць пры падтрымцы міжнароднага навуковага праекта «Кампутарны аналіз дадзеных і мадэляванне для складаных стахастычных сістэм», каардынатарам якога выступае Венскі тэхнічны ўніверсітэт. Фінансавую падтрымку аказваюць Міжнародны статыстычны інстытут (Нідэрланды) і Міжнародная асацыяцыя вылічальнай статыстыкі.

– Удзел у школе выкладчыкаў спрыяе павышэнню іх кваліфікацыі, а для аспірантаў і студэнтаў паслужыць крыніцай сучасных карысных ведаў і навыкаў у галіне прыкладнога камп'ютарнага аналізу дадзеных, - падкрэсліла Марына Карпіцкая.