Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 07 Верасень 2023 10:06

У Купалаўскім універсітэце адбыўся Турнір па хуткаснай зборцы спілс-карт "Ведаю Беларусь"

IMG 1382Мерапрыемства, прымеркаванае да 21-годдзя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, прайшло сёння, 6 верасня.

У самым сэрцы роднага ўніверсітэта – на плошчы ўніверсітэцкага сцяга – адбылося мерапрыемства, якое аб'яднала самых разумных, эрудзіраваных.

Турнір па хуткаснай зборцы спілс-карт у сценах Купалаўскага ўніверсітэта праходзіць упершыню, у дзень нараджэння Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Менавіта ў гэты дзень у 2002 годзе на 38-ым аб'яднаўчым з'ездзе Беларускага саюза моладзі і Беларускага патрыятычнага саюза моладзі нарадзіўся Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі - вядучая маладзёжная арганізацыя краіны, якая аб'ядноўвае больш як 400 тыс. юнакоў і дзяўчат. Гэта ініцыятыўныя і актыўныя маладыя людзі, сотні яркіх і цікавых праектаў, тысячы добрых і карысных спраў, дзейсная маладзёжная праваахоўная дзейнасць, непарыўная сувязь пакаленняў.

У яркім паядынку па зборцы карт прынялі ўдзел 11 каманд факультэтаў універсітэта: факультэта псіхалогіі, філалагічнага факультэта, факультэта эканомікі і кіравання, факультэта біялогіі і экалогіі, факультэта матэматыкі і інфарматыкі, факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання, інжынерна-будаўнічага факультэта, факультэта мастацтваў і дызайну, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, а таксама юрыдычнага факультэта і вайсковага факультэта.

Кантралявала выкананне правіл і часовага рэгламенту ў ходзе правядзення турніру кампетэнтнае журы - Іна Астроўская, начальнік аддзела падтрымкі маладзёжных праектаў і ініцыятыў УВРсМ, Арцём Макарэвіч, першы сакратар Гродзенскага Гарадскога камітэта Грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", Марта Калеснік, старшыня прафсаюзнага камітэта навучэнцаў універсітэта, Іван Рамановіч, старшыня Студэнцкага савета ўніверсітэта, Дар'я Лёгкая, студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта, кіраўнік культурна-масавага сектара камітэта пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ».

Слова для прывітання ўдзельнікаў турніру было дадзена прарэктару па выхаваўчай рабоце Васілю Сянько.

- Тое, што вы тут, гэта ўжо вялікі крок на шляху да перамогі, - адзначыў Васіль Сянько, - Спадзяюся, што факультэты прадставілі ў складзе каманд рабят самых эрудзіраваных і добра ведчаючых геаграфію нашай краіны. Жадаю ўсім прыемнага баўлення часу.

Па выніках спаборніцтваў прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам:

Дыпломам за ІІІ месца Турніра па хуткаснай зборцы спілс-карт і памятным падарункам ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі была ўзнагароджана каманда інжынерна-будаўнічага факультэта.

Дыпломам за ІІ месца і памятным падарункам ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі адзначана каманда факультэта эканомікі і кіравання.

Пераможцам стала каманда факультэта мастацтваў і дызайну.

Віншуем рабят! Спадзяемся, што мерапрыемства стане традыцыйным і прыцягне яшчэ больш студэнтаў у наступным годзе.