Для ўдзелу ў конкурсе падалі дакументы 158 абітурыентаў. Для прыёму абітурыентаў па педагагічных спецыяльнасцях у ГрДУ імя Янкі Купалы было выдзелена 96 месцаў, па непедагагічных - 35 месцаў.
Конкурсная сітуацыя склалася па ўсіх 27 спецыяльнасцях. Больш за ўсё дакументаў пададзена на спецыяльнасці "Правазнаўства", "Мытная справа", "Сучасныя замежныя мовы", "Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя".
Уступныя іспыты для абітурыентаў, якія паступаюць па мэтавых дагаворах, пройдуць у адпаведнасці з зацверджаным раскладам 7 і 8 чэрвеня. Для кожнага абітурыента пры рэгістрацыі дакументаў электронная сістэма аўтаматычна вызначыла дату правядзення іспыту і канкрэтны час яўкі на экзамен, з мэтай скараціць час папярэдняга чакання пачатку ўступнага іспыту.
З пытаннямі да ўступных іспытаў можна азнаёміцца на сайце "Абітурыент-2023" (abit.by) у раздзеле "Уступныя іспыты і кансультацыі". Відэакансультацыя размешчана ў кожнага абітурыента ў Лічбавым кабінеце абітурыента і ў вочным рэжыме пройдзе 6 чэрвеня згодна з раскладам.
Усім абітурыентам неабходна прадставіць у прыёмную камісію дакумент аб адукацыі (арыгінал) па 15 чэрвеня ўключна. Залічэнне ў лік студэнтаў для атрымання вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі адбудзецца 16 чэрвеня.
3 чэрвеня 16 абітурыентаў, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі на спецыяльнасці "Руская філалогія", "Беларуская філалогія", "Матэматыка", "Пачатковая адукацыя", "Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя", "Гісторыя", "Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя" , "Адукацыя ў галіне фізічнай культуры", паспяхова прайшлі сумоўе як выпускнікі профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці.